
Ад Фэмеля нiколi не пахла алкаголем, рукi ў яго анi не дрыжалi. Цёмна-зялёны мёртвы лес рабiўся нерэальны... Цi яна сапраўды яго бачыла альбо ён iснаваў толькi ў яе снах? Яна нiколi на свае вочы не бачыла нi Шрыта, нi Гохбрэта, нi Кандэрса; усе яны жылi паасобку, далёка адзiн ад аднаго, у невялiкiх каморках. За ўвесь час толькi два разы здарылася, што адзiн з iх знайшоў памылку ў другога: калi Шрыт няправiльна разлiчыў падмурак гарадскога басейна i Гохбрэт убачыў памылку. Яна была вельмi ўсхваляваная праз гэта, але Фэмель адно папрасiў яе вызначыць, якiя лiчбы з пазначаных на палях чырвоным алоўкам - былi напiсаныя Шрытавай рукой, а якiя - Гохбрэтавай; тады яна ўпершыню ўсвядомiла, што Фэмель - таксама добры спецыялiст у гэтай галiне: паўгадзiны ён праседзеў за сталом з лагарыфмiчнай лiнейкай i навостранымi алоўкамi, а пасля сказаў: "Гохбрэт мае рацыю, басейн абвалiўся б самае позняе праз тры месяцы". I - нi словам не папракнуў Шрыта, нi словам не пахвалiў Гохбрэта. Падпiсваючы ўласнаручна - гэты адзiн-адзiны раз - дакументацыю на будоўлю, Фэмель засмяяўся, i ад смеху гэтага ёй зрабiлася гэтаксама несамавiта, як i ад яго штодзённай ветлiвасцi.
Другi раз памылка здарылася ў Гохбрэта: калi ён рабiў разлiкi статычных нагрузак вiядука над чыгункай каля Вiльгельмавага рова, i памылку гэтую тады знайшоў Кандэрс; яна другi раз за чатыры гады ўбачыла, як Фэмель схiлiўся над паперамi за пiсьмовым сталом. Ёй зноў прыйшлося iдэнтыфiкаваць нанесеныя чырвоным алоўкам Гохбрэтавы i Кандэрсавы лiчбы; пасля гэтага здарэння Фэмелю прыйшла ў галаву iдэя прызначыць кожнаму супрацоўнiку свой колер алоўка: Кандэрсу - чырвоны, Гохбрэту - зялёны,Шрыту - жоўты.
Трымаючы ў роце кавалачак шакаладу, яна ўпiсвала: "Дача кiнаактрысы", смокчучы другi кавалачак - "Пераробка будынка грамадскага прызначэння "Сас'етас". Як бы там нi было, клiенты рознiлiся прозвiшчамi i адрасамi, а атрыманыя планы праектаў будзiлi ў ёй адчуванне, што яна ўдзельнiчае ў чымсьцi сапраўдным: цэглу, плiты з штучных матэрыялаў, сталёвыя бэлькi, клiнкер, мяшкi з цэментам - гэта ўсё можна было сабе ўявiць, але аблiччы Шрыта, Кандэрса, Гохбрэта - хоць яна штодня пiсала iх адрасы на канвертах заставалiся для яе нерэальныя.
