Вось чаму ён нават не намякнуў ёй пра каханне. Потым падзеi разгарнулiся. Сэр Уiльям напомнiў Байрану пра Ньюстэдскае абацтва i гуляшчых нiмфаў, якiя там жылi. Адну з iх вельмi ўпадабаў сельскi джэнтльмен i выказаў жаданне пабачыцца з ёю яшчэ раз. "Слухайце, Байран, а чаму б вам не запрасiць мяне ў Ньюстэд?.. Без жонкi, вядома!" Байран груба спынiў яго: "Як вам не сорамна! Маладажон, называецца... А калi ваша жонка ўздумае вам за гэта адпомсцiць?" Сэр Уiльям зарагатаў: "Мая жонка? Ха-ха-ха! Але ж мая жонка праведнiца i, мiж iншым, мяне абажае".

Пандора, пiльна прыслухоўваючыся, улавiла сэнс iхняй гутаркi i запiсала яе ў альбом з гнеўнымi каментарыямi: "Яна мяне абажае! Ну i дурань! Няўжо мне суджана пражыць свой век з гэтым бугаём? I чаму, сапраўды, не адплацiць яму тым жа? Гэта сцэна давяла мяне да такога шаленства, што, каб лорд Байран паспрабаваў дзе-небудзь у парку пацалаваць мяне, здаецца, я б не пярэчыла".

Даўно мiнула поўнач. Усхваляваны Эрвэ прабягаў вачамi старонкi дзённiка. У змрочным склепе дагаралi свечкi, i пры цьмяным святле яму, як жывыя, ўяўлялiся постацi нябожчыкаў. Ён бачыў барвовае аблiчча гаспадара i чуў яго нахабны рогат. Ён бачыў, як на прыгожым твары Пандоры ўсё выразней адлюстроўвалася яе закаханасць. I ў цёмным кутку бачыў гордага Байрана, якi з насмешкай глядзеў на гэту дрэнна дапасаваную пару.

Запахла чадам, i адна свечка пагасла. Эрвэ запалiў новыя i з яшчэ большай энергiяй узяўся за чытанне. Цяпер ён прысутнiчаў пры спробах Пандоры вырваць Байрана з задуменнасцi i зблiзiцца з iм, прычым рабiлася гэта смела i занадта хiтра для такой маладзенькай жанчыны. Пакрыўджаная яго абыякавасцю, яна шукала розных подступаў. Каб сустракацца без сведак, яна дамовiлася гуляць з iм на бiльярдзе.



10 из 15