
Эрвэ Марсена так захапiўся чытаннем, што яго не бралi нi голад, нi смага, нi сон. Але руплiвы Мiлер не забыў наведаць яго ў суправаджэннi лакея з падносам.
- Лэдзi Спенсэр-Свiфт вiтае вас i пытаецца, можа, ёсць якая патрэба, сэр?
- Нiякай. Скажыце ёй, што гэта так цiкава, што я, вiдаць, прабуду тут усю ноч.
Дварэцкi зiрнуў на яго з прыхаваным нездавальненнем.
- Усю ноч, сэр? Сапраўды? Тады мне прыйдзецца прыслаць сюды запасныя свечкi.
Эрвэ хутчэй пакаштаваў, чым з'еў свой абед, да прыкрасцi ангельскi, i прагна ўзяўся за альбом. Прыезд Байрана апiсваўся з хваляваннем. Iмклiвыя дробненькiя лiтары ледзь-ледзь удавалася разабраць.
"Сёння ранiцай аб адзiнаццатай гадзiне прыехаў лорд Б. Якi ён прыгожы i бледны! Ён выглядае няшчасным. Саромеецца сваёй кароткай нагi. Гэта можна заўважыць, бо ён не ходзiць, а бегае, каб калецтва не кiдалася ў вочы. Як ён памыляецца! Гэты недахоп робiць яго яшчэ больш цiкавым. Проста дзiўна, што Ўiльям асцерагаў мяне i казаў, што з жанчынамi ён смелы да нахабства. Але ж мне ён нi слова. Час ад часу кiдаў на мяне позiрк употай, аднойчы я злавiла гэты позiрк у люстры. А калi завязалася гутарка, то звяртаўся да Ўiльяма цi да лорда Пiтэрсана, а да мяне нi разу. Чаму?"
Да позняй ночы Эрвэ Марсена вывучаў, як з кожным днём Пандора ўсё больш паддавалася чарам паэта. Яму стала ясна, што маладая жанчына, шчырая i непрактычная, не магла зразумець, у чым прычына такiх мала байранiчных паводзiн госця. Байран прыехаў у Ўайндхорст з цвёрдым намерам быць стрыманым, па-першае, таму што не лiчыў геройствам спакушаць жонку гаспадара i, нарэшце, таму што бачыў наiўнасць i кволасць Пандоры i не жадаў прычыняць ёй боль. Чалавек у душы сентыментальны, сваю пяшчотнасць ён прыкрываў цынiзмам.
