
Яна мяне спынiла.
- А што, праўда? Я ж вам гаварыла. Мне заўсёды здавалася, гледзячы на партрэт, што гэтая малютка Пандора створана для кахання.
- Так, яна была створана для кахання. Але пiкантнасць падзей у тым, што яна нiколi не была палюбоўнiцай лорда Байрана.
Твар лэдзi Спенсэр-Свiфт налiўся чырванню.
- Што? - запытала яна.
Француз, прыхапiўшы з сабой выпiскi, расказаў гаспадынi ўсю гiсторыю i паспрабаваў тут жа прааналiзаваць характары двух галоўных персанажаў.
- Вось так, - закончыў ён, - першы i апошнi раз у сваiм жыццi лорд Байран уступiў дэману спагады, i гэтай слабасцi прабабка вашага мужа нiколi не магла яму дараваць.
Лэдзi Спенсэр-Свiфт слухала француза не перабiваючы, але тут не вытрымала:
- Нонсэнс! - абурылася яна. - Вы дрэнна чыталi цi дрэнна зразумелi... Не была палюбоўнiцай лорда Байрана! Але ж увесь свет ведае, што яна была. Няма нiводнай сям'i ў нашым графстве, куды не дайшла б гэта гiсторыя... Не была палюбоўнiцай лорда Байрана!.. Я ў засмучэннi, пан Марсена, i, калi такое ваша апошняе слова, я не магу дазволiць вам карыстацца дакументамi... Падумаць толькi!.. Вы збiраецеся расказаць у Францыi i ў нашай краiне, што нiякага фiзiчнага зблiжэння мiж iмi не было! Ды вы што? Пандора ў труне перавернецца, пане мой!
- Чаму? Пандора ж ведае сябе больш, чым хто iншы. Яна сама напiсала ў дзённiку, што спатканнi iх былi самыя нявiнныя.
- Гэты дзённiк, - сярдзiта прамовiла лэдзi Спенсэр-Свiфт, - вернецца назад у сейф, i ходу яму адтуль не будзе. Дзе вы яго пакiнулi?
- На стале ў падвале, лэдзi Спенсэр-Свiфт. Не было ключоў, а то я паклаў бы яго на месца.
- Паснедаўшы, мы туды зараз жа спусцiмся i адновiм усё, як было. Я не павiнна была паказваць вам фамiльны архiў. Небарака Аляксандр заўсёды быў супраць i меў рацыю... хоць у гэтым меў рацыю... Што датычыцца вас, пане мой, я вымушана прасiць вас захоўваць абсалютнае маўчанне наконт вашага... так сказаць... адкрыцця.
