Яны сядзелi на канапе, абняўшыся, даволi доўга, потым Пандора вярнулася ў свой пакой. Назаўтра Байран паведамiў, што яго выклiкае ў Лондан выдавец Морэй, i пакiнуў Уайндхорст. Старонкi дзённiка за гэты дзень былi асаблiва забаўныя.

"Дурань! Дурань! - пiсала яна. - Усё скончана, усё страчана. I цяпер мне суджана нiколi не ведаць любвi. I як гэта ён не зразумеў, што не магла ж я сама кiнуцца яму на шыю. Не магла ж такая жанчына, як я, маладая i добра выхаваная, прыставаць нахабна, як тыя бессаромныя распуснiцы, з якiмi ён раней меў справу. Я павiнна была плакаць. А яму, як мужчыну спрактыкаванаму, трэба было ўцешыць мяне, супакоiць i дабiцца, каб я аддалася любвi, якую так моцна адчувала. Паехаўшы, ён растаптаў усе мае надзеi. Я яму гэтага век не дарую".

Пасля начнога спаткання былi яшчэ пiсьмы: адно ад яго i адно ад яе. Байран пiсаў стрымана, мабыць, думаў пра мужа, якi мог выпадкова прачытаць пiсьмо. Чарнавiк Пандоры выдаваў яе ўзрушанасць, яе прытоены гнеў. Далей у дзённiку яна яшчэ сям-там успамiнала Байрана ў сувязi з новай паэмай, альбо новым скандалам. Пападалiся iранiчныя намёкi, якiя выразна сведчылi, што яна не забыла зла. Потым пасля 1815 года, вобраз паэта перастаў трывожыць Пандору.

Праз акенца ў сцяне бледнае святло прасачылася ў склеп. Пачало днець. Эрвэ, нiбы ачнуўшыся пасля трансу, доўга аглядаўся. I вось ён iзноў у дваццатым стагоддзi. Якую цудоўную гiсторыю перажыў ён за гэтую ноч! З якой прыемнасцю ён яе апiша! Работа i бяссоннiца стамiлi яго. Ён пацягнуўся, пазяхнуў, патушыў свечкi i падняўся ў свой пакой.

Званок паклiкаў на позняе снеданне. Эрвэ знайшоў у холе руплiвага дварэцкага, i той праводзiў яго ў салон, дзе маладога чалавека чакала ўжо лэдзi Спенсэр-Свiфт.

- Добры дзень, пан Марсена, - прамовiла яна моцным мужчынскiм голасам. Мне далажылi, што вы мала спалi. Ну, як вам працавалася?

- Выдатна. Я ўсё прачытаў i зрабiў выпiсак дваццаць старонак. Нечуваная гiсторыя... Я не магу вам выказаць...



13 из 15