
- Цудоўна, лэдзi Спенсэр-Свiфт... I выказаць не магу, як я вам...
- I не выказвайце. Спакойнай ночы!
Эрвэ застаўся ў падвале адзiн. Выняў з партфеля аўтаручку, паперу, прымасцiўся каля вялiзнага стала i з асалодай разгарнуў белы альбом. Почырк быў дробны i невыразны, старая лэдзi сказала праўду. Вiдаць, Пандора знарок пiсала так, каб цяжка было прачытаць. Альбом мог трапiць у рукi яе мужа, i асцярожнасць тут была дарэчы. Марсена прывык разбiраць рукапiсы з пропускамi i скарачэннямi. Ён лёгка расшыфраваў радкi, накрэмзаныя Пандорай. Тон запiсак адразу ж яго развесялiў. Было ў iх тоне нешта дзiцячае.
Адчувалася, што пiша вельмi маладая жанчына. Многiя словы былi падкрэслены - адзнака палкасцi альбо нецярплiвасцi. Дзённiк пачынаўся з 1811 года, праз некалькi тыдняў пасля шлюбу.
25 кастрычнiка 1811. - Сёння адчуваю сябе стомленай, хворай i не магу сесцi на каня. Уiльям на паляваннi з сабакамi. Рабiць мне няма чаго, пачну пiсаць дзённiк. Гэты альбом мне прэзентаваў мой мiлы, мiлы тата, i я страшэнна шкадую, што разлучылася з iм. Баюся, што мой муж мяне нiколi не зразумее. Уiльям не злы чалавек, але ён не ведае, што жанчыне патрэбна пяшчота. Мабыць, ён не цiкавiцца мною. Ён больш гаворыць пра палiтыку, аб сваiх конях, аб сваiх арандатарах, чым аб сваёй жонцы. Як я помню, ён нi разу не вымавiў слова "кахаю" ад самага нашага вяселля. Ах! Праўда! На другi дзень ён сказаў Брыгiце: "Мая жонка закахалася ў мяне па вушы". Я i вокам не маргнула.
Эрвэ перагарнуў шмат старонак, поўных скаргаў i насмешак. Пандора была цяжарная i без радасцi чакала дзiцяцi. Гэта яшчэ больш звязвала яе з чалавекам, да якога яна не адчувала нiякай прыхiльнасцi. З яе наiўных заметак паступова вырысоўваўся брыдкi вобраз сэра Ўiльяма. Яго эгаiзм, фанабэрыя, пошласць былi занатаваны бязлiтаснай сведкай, у душы якой нарастаў да яго люты гнеў.
