Зусiм iначай, далiкатна i цёпла, апiсвала яна свайго суседа, лорда Пiтэрсана. У процiлегласць агiднаму сэру Ўiльяму той выглядаў на рэдкасць прывабна.

26 снежня 1811. - Учора, у першы дзень каляд, лорд Пiтэрсан прынёс мне ў падарунак цудоўнага шчанючочка. Як заўсёды, я сядзела адна, але прыняла лорда П., паколькi ён значна за мяне старэйшы. Ён мне расказваў пра лiтаратуру i мастацтва. Мне хацелася запiсаць яго блiскучыя думкi. Мне так прыемна было яго слухаць. У яго фенаменальная памяць. Ён чытаў мне вершы Вальтэра Скота i лорда Байрана. Якая асалода, век бы слухала! Адчуваю, што, каб я жыла з такiм чалавекам, як лорд Пiтэрсан, у мяне быў бы вялiкi прагрэс. Але ён у гадах, а я выйшла замуж да канца сваiх дзён. Наглытаешся смутку, бедная Пандора!

Працяг дзённiка сведчыў, што на яе зрабiла моцнае ўражанне паэма Байрана "Паломнiцтва Чайльд-Гарольда". У гэтым яна прызналася мужу, i той адказаў так: "Байран? Дык я ж яго добра ведаю. Я сустрэў яго тады, калi ён, як i я, вандраваў па свеце. Мы правялi разам вясёлыя ночы ў Iталii... Вярнуўшыся, ён запрашаў мяне да сябе ў Ньюстэдскае абацтва, дзе ён трымае трупу нiмфаў, пра якiх я мог бы расказаць шмат пiкантных анекдотаў, але гэта не для нявiнных вушэй маёй жоначкi... Ха-ха-ха!"

Потым у белым альбоме можна было прасачыць, з якiм спрытам i як настырна схiляла Пандора сэра Ўiльяма, каб той запрасiў Байрана ў Уайндхорст. Муж абараняўся: "А што мы будзем рабiць з iм? - гаварыў ён. - Нудзiцца пачне. Са мной на паляванне ён не пойдзе - нага кульгавая. Звяроў страляць не прывык". Жонка не здавалася: "Ну, тады я зраблю яму кампанiю". Сэр Уiльям абурыўся: "Вы, вы ў кампанii з гэтым бабнiкам, з гэтым донжуанам!.. Вы што, думаеце, я пакiну сваю жонку адну з Байранам?.. Не маю нiякага жадання пускаць гэтага шалапута, гэтага браканьера на сваю тэрыторыю".

Аднак трыумфальны поспех Байрана ў Лондане падзейнiчаў на сельскага джэнтльмена, i праз некаторы час ён пачаў ганарыцца гэтым сяброўствам, нават выхваляўся перад суседзямi.



8 из 15