
- Урэшце, вам лепш пайсцi аднаму.
Кантэн не звярнуў увагi на гэтыя словы i цвёрда сказаў:
- Дамовiмся так: вы прыйдзеце на вакзал, а потым крыху праведзяце нас.
Настаўнiк захваляваўся яшчэ больш:
- Месьё Кантэн, вы... Я вам вельмi ўдзячны...
Ён не паспеў скончыць. Звонку бразнулi дзверы, i Кантэн, быццам падпарадкоўваючыся нейкаму сiгналу, падняўся, каб узяць у рукi кнiгу, якая ляжала на столiку побач з печчу.
- Сядзiце, - сказаў ён настаўнiку, якi памкнуўся ўстаць з крэсла.
Стары сеў зноў, паклаў на каленi кнiгу i, паколькi жанчыны ўжо заходзiлi ў дом, загаварыў ненатуральным голасам:
- Я хацеў вярнуць яе вам у мiнулы чацвер, як ездзiў на рынак, але не захапiў з сабою. Па дарозе ўспомнiў, ды позна было вяртацца.
- Нiчога страшнага, - ва ўнiсон яму адказаў настаўнiк.
- Аднак я прымусiў вас iсцi сюды, - прадаўжаў Кантэн. - А гэтакiм снегам дарога не вельмi прыемная.
Па позiрку, якi Iзабэла кiнула ў яго бок, Кантэн зразумеў, што яе не падманеш. Ён баяўся, каб жонка не зазлавала, але тая толькi пацiснула плячыма i пайшла да ракавiны. Настаўнiк нiчога не заўважыў. Ён гаварыў пра тое, якую вялiкую асалоду ён атрымаў, iдучы сюды па снезе. Не паварачваючыся, Iзабэла кiнула:
- Дзякуй богу, хоць здаволiўся хлопец!
Яна дадала яшчэ нешта, але мужчыны не разабралi з-за бразгання чыгуна, якi яна цяпер мыла. Кантэн спрабаваў усмiхнуцца.
Дэнiза спынiлася за чатыры крокi ад мужчын i, схаваўшы за спiну рукi i апусцiўшы галаву, глядзела з-пад iлба на настаўнiка. Убачыўшы гэта, Кантэн адчуў сябе няёмка. Ён i раней заўважаў такi позiрк у малой, але не задумваўся над гэтым. Магчыма, дзяўчынку ўражвала тое, што гэты хлопец быў настаўнiкам. У яе заўсёды былi цяжкасцi ў вучобе, у асноўным з-за сарамлiвасцi. Настаўнiк здаваўся ёй нейкай незвычайнай iстотай, асаблiва тут, у iх доме. Цяпер твар у яго быў зусiм не такi, як у школе. Кантэну таксама гэта падумалася. Але тое, як Дэнiза глядзела на настаўнiка, было для яго невытлумачальнай рэччу.
