
За спiной у Кантэна не сцiхала грукатанне. Яно нагадвала яму душны летнi дзень, калi над раўнiнай недзе далёка збiраецца навальнiца. Але яшчэ невядома, куды яе пагонiць вецер.
Раптам грукатанне спынiлася. Iзабэла iмклiва перасекла кухню, несучы ў руках конаўку з цёплай вадой i кашолку з-пад яек. Перад тым як выйсцi за дзверы, яна крыкнула:
- Дэнiза, чаго стаiш як слуп! Iдзi памый сподкi, а пасля накрышы яблыкаў на кампот.
Павярнуўшыся ўсiм целам да гаспадынi, настаўнiк прыўзняўся з крэсла i сказаў:
- Пара ўжо мне...
Але дзверы грукнулi якраз пасярэдзiне яго фразы. Настаўнiк завагаўся. Яго рука ўзнялася ў напрамку Кантэна, пакалыхалася i апусцiлася ўнiз. Ён павярнуўся да печы i спытаўся ў Дэнiзы:
- Гэта вы зрабiлi такiя яселькi?
- Ага, разам з мамай, пан настаўнiк.
Твар у малой засвяцiўся. Яна заўсмiхалася i наблiзiлася да настаўнiка. Той, сагнуўшыся ў дугу, доўга глядзеў на прыпечак, потым падняў яловую галiнку i ўздыхнуў:
- Прыгожа... Сапраўды, вельмi прыгожа.
Дэнiза маўчала, i бацька падышоў блiжэй, стаў тлумачыць:
- Яны хацелi зрабiць Марыi-Луiзе сюрпрыз. Калi яна яшчэ жыла дома, для яе сама вялiкай радасцю было рабiць яселькi. Яна пачынала гаварыць пра iх за два месяцы да Каляд. А я якраз нядаўна быў на лесанарыхтоўках у ваколiцах Рубо i ссек там гэтыя дзве лапкi.
Настаўнiк выпрастаўся. Ён глядзеў шчаслiвымi вачыма то на яселькi, то на Дэнiзу. Потым кiнуў позiрк на партрэт Марыi-Луiзы.
- Якая цудоўная думка, - сказаў ён нарэшце, - размясцiць яселькi на прыпечку.
Тут i ў Дэнiзы развязаўся язык. Яна з захапленнем прагаварыла:
- А яны яшчэ свецяцца ўсярэдзiне. Толькi трэба ўключыць.
Малая нахiлiлася, шчоўкнула выключальнiкам. Загарэлася абгорнутая ружовай паперай лямпачка, якая асвятляла знутры яселькi, змайстраваныя з двух ясеневых паленаў.
