- А як жа, - зашыпела яна, - ён жа настаўнiк. На-стаў-нiк! Гэтага дастаткова, каб нiхто не меў права зачапiць яго. Гэтага дастаткова таксама, каб лiчыць яго разумным. - Яна павысiла голас. - Ды ўжо ж! Са мной гэты нумар не пройдзе! Досыць мне твайго глупства! Ты нiкога лепшага не бачыш вакол сябе, бо сам некалi марыў стаць настаўнiкам! Ты звар'яцеў пад старасць! Гэты чалавек адняў у цябе розум! Падумаеш, настаўнiк! А калi б твая дачка выйшла замуж за сама дурнога з настаўнiкаў, ты, мусiць, быў бы на сёмым небе ад шчасця?!

Кантэн ведаў, што яна можа гаварыць гэтак доўга. Ён не адзiн раз выпрабаваў гэта на сабе. Словы сыпалiся i сыпалiся з яе без перапынку. Але яны яго не краналi, бо датычылiся толькi яго аднаго. Яны былi адны i тыя. Ён чуў iх, можа, сотню разоў, таму ўзяў за звычку не спрачацца. Але сёння жонка пачала ганьбiць настаўнiка i здзекавацца з яго пачуццяў да Марыi-Луiзы, i Кантэн не змог стрымацца:

- Можаш гаварыць што хочаш, але iх жанiцьба - найлепшы сродак вярнуць да нас дачку.

Гэтыя простыя словы Кантэна быццам сцебанулi Iзабэлу. Яна кiнула сваю работу i з пагрозлiвым выглядам пачала наступаць на мужа. Яе голас ажно трымцеў ад гневу:

- I як толькi табе не сорамна! Пахаваць нашу дзяўчынку ў гэтай яме Кантэнаў?! Жукамi-гнаевiкамi жылi яны тут няведама колькi пакаленняў, а ты жадаеш такога лёсу сваёй роднай дачцэ?! Яна ж ледзь выдралася з гэтага бруду! А табе найвышэйшае шчасце - пасада настаўнiка! Ды яшчэ тут!

Кантэн скарыстаў момант, пакуль жонка пераводзiла дыханне, i ўставiў слова:

- Так будзе лепш усiм нам. А то можна падумаць, што наша дачка ў Амерыцы. Што гэта значыць: адзiн тыдзень вакацый за два гады! Цi не занадта мала!

Здавалася, што Iзабэла крыху супакоiлася. Больш цвёрдым голасам, якi, аднак, не пераставаў дрыжаць, яна прамовiла:

- Ты ж добра памятаеш, што яна табе казала: яна ахвяруе некалькi гадоў, каб атрымаць становiшча, якое i не снiлася твайму балбесу, няхай ён нават стане iнспектарам школ.



16 из 121