Iзабэла сказала гэта даволi гучна, гледзячы на дзверы, за якiмi толькi што знiк настаўнiк.

Кантэну карцела сказаць ёй, што яна пераходзiць мяжу, але ён стрымаўся, бо ведаў: адно яго слова - i яна завядзецца яшчэ горш. Ён спадзяваўся, што жонка спынiлася на гэтым, ён нават быў упэўнены, калi ўбачыў, што тая паклала ў ракавiну пусты збанок, а потым панесла ў склеп кошык з яйкамi. Але калi яна зноў вярнулася, яму не трэба было падымаць на яе вочы, бо яна магла прачытаць там усе яго думкi да адной. Кантэн пашкадаваў аб гэтым i адразу павярнуўся спiной да жонкi, хацеў падысцi да акна. Але не паспеў ён зрабiць i двух крокаў, як пачулася бурчанне Iзабэлы. Перадражнiваючы настаўнiка, тая пачала гаварыць:

- Я вельмi люблю снег... Гэта так прыемна, калi iдзе снег... Я люблю хадзiць па iм... Ой, людцы, вы бачылi гэткага дурня?!. Можа, ён i па гаўне хадзiў бы з такою асалодаю?!. Калi б ён папрацаваў, як мы, дык не гаварыў бы такога глупства! Ён - лайдак, ды яшчэ пыльным мяшком прыбiты...

Кантэн сцяў зубы. Гэтак далёка яго жонка зайшла ўпершыню. Стары прадчуваў скандал яшчэ тады, калi настаўнiк толькi заходзiў у дом. Сапраўды, хлопец меў добрае цярпенне, каб вытрымаць усё гэта. Не кожны дазволiць так з сабою абысцiся. Ён жа не глухi. Усё чуў, гэта факт! Канечне, каб не Марыя-Луiза... З-за яе ён мог вытрымаць усё. Ён не быў баязлiўцам. Гэта было вiдаць па яго пагляду. У настаўнiкавых вачах свяцiўся гонар, але там яшчэ было i нешта пакутнiцкае, як у ахвяр на бiблейскiх малюнках. Кантэн не стрымаўся на гэты раз. Ён рэзка павярнуўся да жонкi i крыкнуў ёй злосна:

- Сцiхнi! Ты ўжо занадта!..

Гэта прымусiла Iзабэлу замаўчаць на нейкую хвiлiну, але не больш. Яе худы твар напружыўся, левае павека прыкрыла напалову карычневае вока, ад чаго жончын погляд зрабiўся яшчэ больш жорсткiм. Неўзабаве на твары з'явiлася фальшывая ўсмешка. Тонкiя вусны выгнулiся i адкрылi чорную дзiрку на месцы, дзе выпаў клык. Увесь выгляд Iзабэлы сведчыў пра тое, што яна асмялела.



15 из 121