- Так было сто гадоў назад, - не супакойвалася Iэабэла. - Я табе ўжо колькi разоў казала, што табе трэба было нарадзiцца ў мiнулым стагоддзi. А ты лiчыш сябе разумнейшым за ўсiх.

Гэта быў яе галоўны папрок. I сапраўды, з дня ад'езду Марыi-Луiзы яна цвярдзiла яму гэта мо сотню разоў. Але кожны раз, калi яна так гаварыла, Кантэн крыху адчуваў сябе пераможцам, паколькi жонка хоць i лiчыла, што можа распазнаваць яго думкi, аднак яшчэ не здагадвалася, што Кантэн аб гэтым думае на самай справе. Кантэн чытаў газеты, слухаў радыё, раз у месяц наведваў базар, якi праводзiўся ў Лон-лё-Сан'е. Ён ведаў, колькi людзей гiне штодзень на дарогах, у горадзе, i таму быў шчаслiвы, што жыў на хутары. Як iм пашанцавала, думаў ён, што яны жывуць далёка ад дарогi i нават ад вёскi, што яны могуць жыць так, як жылi тут iх бацькi i дзяды. I Кантэну было б шчасцем адстаць на стагоддзе: сто гадоў назад Марыя-Луiза не паехала б ад iх у горад.

Не перастаючы папракаць мужа, Iзабэла высыпала на стол кошык гароху ў стручках i пачала яго лушчыць. Кантэн сеў насупраць i стаў дапамагаць ёй. Дэнiза сядзела ў канцы стала i чысцiла тоўстыя шэрыя ранеты. На некаторых яблыках засталiся яшчэ з саду засохлыя кавалачкi глебы. Калi Iзабэла змаўкала на хвiлiну, каб перавесцi дыханне, на кухнi чуваць было толькi сухое шапаценне стручкоў ды звонкi грукат гарошын, якiя падалi ў жалезную пасудзiну. Час ад часу шыпела сыраватае палена. Вiдаць, гэта было адно з тых, якiя Кантэн браў з верху вярсты. Апошнiя дажджы i снег крыху падмачылi iх. Слухаючы гэта шыпенне, Кантэн зноў успомнiў, як Марыя-Луiза марыла ў дзяцiнстве аб маленькiм цёплым дамку, у якiм яна сядзела б гадзiнамi ля акна.



18 из 121