
Iзабэла ўсё не магла забыцца пра настаўнiка. Яна кпiла з яго слоў пра снег. Жанчына лiчыла, што любiць снег або рабiць выгляд, што любiш яго, адзнака вялiкай дурноты.
- Дарэчы, - завяршыла яна, - трэба быць ёлупнем, каб уявiць сабе, што ў яго нешта выйдзе з Марыяй-Луiзай.
Кантэн сцiпла заўважыў:
- Ты гаворыш гэта, а сама нават не ведаеш, што мiж iмi было. Яны перапiсвалiся...
Жонка не дала яму дагаварыць. Яна рэзка ўзмахнула худой рукой, у якой трымала высахлы стручок, i адрэзала:
- Нiчога памiж iмi не было! Нiчога! Калi б нешта было, Марыя-Луiза сама сказала б мне пра гэта.
Хоць яна цяпер не крычала, Кантэн не пярэчыў ёй. Ён нават ледзь не засмяяўся, бо стручок у жончынай руцэ вельмi нагадваў яму маленькую шаблю. Кантэн апусцiў галаву, а жонка замаўчала. Вiдаць, яна вырашыла, што пераконваць яго не мае сэнсу.
Такiм чынам, на доўгi час усталявалася цiшыня. На каленi Кантэну скокнула котка. Стары слухаў яе мурлыканне i думаў пра Марыю-Луiзу. Час ад часу, не перастаючы лушчыць гарох, ён пазiраў то на яселькi, то на вогнiшча, то на запацелую шыбу, па якой паўзлi шэра-зялёныя ручайкi. Кантэн глядзеў i казаў сабе, што неўзабаве Марыя-Луiза ўбачыць усё гэта, i яны сапраўды адчуюць сябе шчаслiвымi, калi яна ўвойдзе ў хату.
4
Яны яшчэ не скончылi лушчыць гарох, як за дзвярыма пачулiся крокi. Котка скокнула на дол i схавалася за Плiтою сярод складзеных дроў. Усе трое пераглянулiся i замёрлi на месцы. Па выразе жончынага твару Кантэн зразумеў, што яна, як i ён сам, падумала пра паштальёна. Але калi прыйшоў паштальён, то гэта значыць...
Сапраўды, гэта быў паштальён. Кантэн пазнаў яго па тым, як ён стукаў у дзверы. Перад тым як адказаць, Кантэн яшчэ раз паглядзеў на Дэнiзу. Яе напружаны твар з напаўадкрытым ротам быў павернуты да ўвахода.
Кантэн адгукнуўся, i на парозе з'явiўся мясцовы паштальён. Сёння пад блакiтным кепi ў яго быў шарсцяны шлем. Паштальён, як заўсёды, гучна сказаў:
