Дачка сядзела за сталом. Яна нават не дакранулася да кубка з цёплым малаком, куды накрышыла пячэння. Дэнiза засяроджана глядзела на прыпечак старой печы, у якой раней пяклi хлеб. Там стаялi калядныя яселькi*.

* Паводле бiблейскага сюжэту, яслi, у якiя быў пакладзены Iсус пасля свайго нараджэння.

Ад снегу, якi ляжаў за акном, кухня з нiзкаю столлю неяк пасвятлела, хоць дзень быў вельмi пахмурны. Кантэн ведаў, што так будзе да вечара. У такое надвор'е iнакш не бывае. Яму добра былi знаёмыя гэтыя навiслыя над зямлёю нябёсы, якiя заўсёды наблiжалi лiнiю гарызонту да самага лесу Мулатаў. Тады ён, быццам прысыпаны попелам, быў ледзь бачны ўдалечынi.

Так было i сёння. Усё пачынала злiвацца ў адно адразу ж за вялiкай гурбай, якая перагарадзiла дарогу, што вяла да вёскi.

Ад нечаканасцi Кантэн уздрыгнуў: з даху на снег звалiлiся два вераб'i. Нейкi час яны сварылiся, потым большы знiк за гумном, у якiм хавалi кукурузу. Вiдаць, снег iшоў усю ноч, бо на перакладзiнах ляжалi важкiя белыя карункi. Вецер супакоiўся толькi на золку, а разам з iм перастаў падаць i снег. Цяпер усё было шызае, акрамя сцежак, якiя адбiў Кантэн, ды кучы гною, над якой падымаўся слуп пары. Пара была добра вiдаць на фоне зацягнутага хмарамi неба.

Кантэн доўга i неадрыўна глядзеў на палоску лесу, пакуль яго ўвагу не прыцягнулi вераб'i, якiя цяпер сварылiся з-за некалькiх зярнят, што высыпалiся на снег праз шчылiны ў гумне. Урэшце вераб'i паляцелi прэч, i калi Кантэн зноў перавёў позiрк на лес, то ён заўважыў чорную кропку, якая, здавалася, не рухалася, а матлялася памiж небам i зямлёй. Кантэн падышоў блiжэй да акна i прыгледзеўся.

Пазнаць чалавека, якi iшоў сюды, было цяжка, аднак стары адразу здагадаўся, што гэта настаўнiк. Так, настаўнiк, бо паштальёну было яшчэ занадта рана. Кантэн сачыў за iм некалькi хвiлiн. Вось ужо можна было пазнаць доўгую вузкаплечую постаць хлопца. I тут стары не вытрымаў, сам не ведаючы чаму, павольна павярнуўся i адступiў ад акна.



2 из 121