
Дэнiза нават не зварухнулася. Над яе кубкам яшчэ падымалася пара. Стары наблiзiўся да яе i цiха сказаў:
- Паспяшайся, дачушка.
Яму здавалася, што Iзабэла не пачуе яго, але дзе там. Не спыняючы работы, тая забурчала:
- Няўжо ты не ведаеш, што з ёю гаварыць - толькi марна час трацiць? Пустое гэта! Яе не проймеш. Нiколечкi! Яна i есцi не спяшаецца. Лянота ў яе ў крывi, як хвароба. I ты добра ведаеш гэта. Не горш, чым я.
Сапраўды, Кантэн усё гэта добра ведаў, як ведаў i тое, што скажа яму жонка, калi ён паспрабуе абаранiць малую. I ўсё ж такi ён павольна вымавiў:
- Не, гэта не лянота. Трэба дазволiць ёй...
Iзабэла не дала яму дагаварыць:
- Вядома, ты апраўдваеш яе! Ты так робiш заўсёды. I ты хочаш, каб я нешта значыла для яе! Ты думаеш, я не шкадую яе, не жадаю ёй дабра?! Але ж трэба ёй рухавейшай быць. Пэўна, у бацьку ўдалася. Ты i сам працуеш як мокрае гарыць... - Яна перастала на момант займацца работай, павярнулася тварам да мужа з дачкой. Правую руку Iзабэла трымала ў гаршку, а левай, запэцканай кормам, энергiчна жэстыкулявала, пакiдаючы ў паветры зiгзагi пары. Аднак разупэўненая маўчаннем Кантэна, яна рэзка адвярнулася, пацiснула плячыма i з яшчэ большым iмпэтам узялася за работу. Яе хударлявая спiна быццам выконвала нейкi дзiўны няроўны танец. Галава з закручанымi ззаду валасамi, поўнымi сiвiзны, матлялася з боку ў бок, на тонкай шыi пад загарэлай скурай выступаў востры пазванок.
Дэнiза пiла доўгiмi глыткамi, напалову хаваючы твар у белым з чырвонымi кветкамi кубку, якi яна аберуч трымала перад сабой. Нарэшце яна паставiла кубак на стол, выцерла вусны ражком свайго фартушка i зiрнула на бацьку. Кантэн усмiхнуўся, i твар у дачкi пасвятлеў.
Кантэн думаў пра настаўнiка. Ён уяўляў, як той крочыць, высока падымаючы свае тонкiя ногi, нерашуча топчацца перад кожным сувеем, далёка абыходзiць адхоны. У нейкi момант стары хацеў павярнуцца да акна, але стрымаў сябе.
