- Але, яна задаволеная.

Пераступаючы цераз парог, паштальён зрабiў невыразны жэст бэжавай бяспалай рукою ў рукавiцы i сказаў:

- Я не раз паўтараў, што яна кемлiвая дзяўчына. Яна знойдзе сваю дарогу ў жыццi. I зробiць гэта сама... Ну, бывайце! I добрых вам Каляд усiм!

Кантэн пачакаў, пакуль паштальён адышоўся на некалькi крокаў, потым зачынiў дзверы. Добра павеяла холадам. Кантэн адчуў гэта праз вязаны свiтэр i ўздрыгнуў. Калi ён вярнуўся да стала, Iзабэла ўжо ўзяла ў рукi канверт i маленькi ножык з вострай дзюбкай, якiм Дэнiза крышыла яблыкi. Яна выцерла фартухом лязо i пачала лёгкiмi i раўнамернымi рухамi асцярожна рэзаць паперу. У гулкай цiшынi гэты цiхенькi шоргат быў падобны на грымоты. Кантэн i Дэнiза сачылi за рухамi мацi, i, як толькi тая выцягнула лiст з канверта, малая сказала:

- Канечне, гэта пiсала Марыя-Луiза.

У яе голасе не адчувалася нi радасцi, нi трывогi. Пiсьмо было не доўгае. Дзесьцi на палову старонкi. Кантэн хацеў стаць побач з жонкай, каб прачытаць таксама, аднак нешта яго стрымлiвала, мабыць, гэты поўны спакой i нерухомасць кожнага.

Iзабэла чытала лiст, i яе твар камянеў усё больш i больш. Вусны паступова сцiскалiся, пакуль не ўтварылi вузенькую рыску. Нарэшце рука яе адкiнулася, вочы ўторкнулiся ў Кантэна, i яна выдыхнула:

- Так я i ведала... Я прадчувала... Гэтага трэба было чакаць...

Яе голас паступова мацнеў i пакутлiва дрыжаў. Кантэн усё зразумеў. Зразумеў яшчэ тады, калi на ганку пачулiся крокi паштальёна. Пры першых словах жонкi ён падумаў, што яна будзе плакаць. Аднак яе голас хутка набiраў упэўненасць. Праз хвiлiну яна ўжо крычала, крычала ўсё мацней i мацней, зрываючы злосць на Кантэне. Ён узяў лiст, працягнуты дрыготкай жончынай рукой, i адышоўся да акна.

- Канечне, - лямантавала яна, - гэта раскоша - убачыць дачку на Каляды! Гэта занадта вялiкае жаданне для мацi! Што яе гаспадары сабе думаюць? Якое яны маюць права? Нават дзеля яе будучага становiшча, цi можна дазваляць такое? Ёсць жа нейкая мяжа! Няўжо ўсе служачыя карыстаюцца гэткай свабодай?!



21 из 121