Яна кляла на чым свет стаiць гаспадароў Марыi-Луiзы, якiх зусiм не ведала, але Кантэн ведаў, што рана цi позна яна вернецца да яго. Ён скончыў чытаць, але баяўся зварухнуцца. Нават не падымаў вачэй ад блакiтнага лiстка паперы, па якiм роўненька беглi доўгiя тонкiя лiтары, напiсаныя рукой яго дачкi. Почырк Марыi-Луiзы быў не такi, як у яе апошнiх вучнёўскiх сшытках. Яны ляжалi на гарышчы, i Кантэн гартаў iх кожны раз, калi туды лазiў. Цяпер гэта быў почырк жанчыны.

Кантэн глядзеў на лiст да таго часу, пакуль перад яго тварам не ўзнiкла жонка. Спачатку яны моўчкi глядзелi адно на аднаго, потым Iзабэла спыталася:

- Табе, вядома, няма чаго сказаць?

Гэта мала нагадвала пытанне. Стары ўздыхнуў, пацепнуў плячыма i буркнуў толькi:

- А што ты хочаш, каб я табе сказаў?

- Цябе нiколi нiчога не кранае, табе ўсё роўна, што будзе i як будзе! гучна сказала Iзабэла.

Яна правяла шырака растапыранай далоняй па цыраце, пры гэтым моцна нахiлiлася i матлянула галавою знiзу ўверх. Гэты рух гаварыў сам за сябе: у iм было нешта абразлiвае для Кантэна.

- Канечне, - прадоўжыла, выпрастаўшыся, жонка, - Дзяўчына прыехала да iх адна, быццам сiрата, без нiкога, хто мог бы яе абаранiць. Хто мог бы паказаць iм... А яны адразу ўсё зразумелi! I давай яе эксплуатаваць. А як жа, хто моцны, той i гаспадар! А табе, яе роднаму бацьку, ад гэтага нi горача нi холадна!

Яна змоўкла на хвiлiну. Мабыць, чакала адказу, але Кантэн не адказаў. Тады яна загаварыла зноў, яшчэ больш зацята:

- Табе толькi адно ў галаве: каб яна дасталася гэтаму дурню-настаўнiку, вярнулася i засталася тут назаўсёды. Каб яна ўбiлася ў гэту кучу гною i век не вылазiла з яе! Ты гатовы загубiць тут яе жыццё, нават пальцам не хочаш паварушыць, каб дапамагчы ёй вырвацца дадому днi на чатыры! А яна яшчэ збiраецца ехаць у Парыж на няведама якi час. I мы не пабачымся перад ад'ездам!



22 из 121