- Мы не ўбачым яе больш... Яна не прыедзе... Няўжо ты не можаш зразумець, што гэта значыць, га? Няўжо ты не здагадваешся, што ўпершыню за доўгi час табе прыйдзецца нарэшце патурбавацца?

Не падумаўшы, Кантэн загаварыў пра работу, пра надвор'е... Але яму не трэба было рабiць гэтага, бо Iзабэла зноў, каторы раз, перамагаючы свой смутак, засыпала мужа папрокамi:

- Пра якую работу гаворыш ты? На вулiцы зiма! А майстраваць перагонны апарат ты ўжо скончыў.

- Не было чаго турбавацца раней. Мы ж думалi, што яна павiнна прыехаць.

Тут Кантэн адчуў, што паспяшаўся. Яго наiўныя словы ўзлавалi жонку яшчэ мацней. Яна стукнула далоняй па канверце, якi Кантэн толькi што паклаў на стол, i зараўла:

- А-а-а, па-твойму, яна павiнна прыехаць?! Ды ўжо ж, чакай! Чакай, мiленькi, ажно да Вялiкадня, ажно да ўсiх святых! Што ж, мы прабудзем Каляды адны, як скацiна. А наша дачка няхай, як рабыня, працуе на чужых людзей.

Тут яна нечакана засмяялася. Смех яе быў вiсклiвы i выходзiў аднекуль з глыбiнi горла. Ён калацiў яе худыя грудзi, крывiў ёй вусны i надаваў усяму аблiччу нейкi адсутны выгляд.

- А я ўспомнiла пра другога дурня, настаўнiка, якi любiць паўтараць, што мы - цывiлiзаваныя сяляне! Мы вучымся жыць па-новаму! Каб быць на ўзроўнi! Але хоць i маем плiту з газавым балонам ды матор, каб пампаваць ваду ў ракавiну, жывём як дзiкуны!

Настала доўгая цiшыня. Сваiм цяжарам яна заглушыла нават гудзенне агню. Котка пакiнула сваю схованку i пачала церцiся аб нагу Кантэна, якi ўсё сядзеў нерухома ля стала. Iзабэла адышла да печы. За ўвесь час, пакуль яны размаўлялi, Дэнiза нават вокам не мiргнула. Так i глядзела з адкрытым ротам то на мацi, то на бацьку.

Кантэн падумаў, што на гэтым Iзабэла скончыла, але тая паклала ў агонь палена, налiла ў вялiкi гаршчок вады i вярнулася да стала, трымаючы ў руцэ качаргу, быццам зброю. Твар яе змянiўся, i Кантэн зразумеў, што яна нешта яшчэ надумала.



24 из 121