
Кантэн стаяў перад жонкай, быццам нямы. Яна часта папракала яго за тое, што ён не мог выпрасiць Марыi-Луiзе адпачынак, але так, як сёння, было ўпершыню. Раней жонка прасiла яго хоць напiсаць гаспадарам лiст, ды Кантэн не зрабiў гэтага, паколькi Марыя-Луiза тлумачыла яму, што гаспадары могуць гэта не так, як трэба, зразумець. Яна казала, што галоўнае для яе - цярпенне i стараннасць. Яна павiнна вытрымаць некалькi гадоў, каб урэшце мець забяспечанае жыццё. Кантэн заўсёды марыў, каб яна прыехала да iх, ён жадаў гэтага ад усяго сэрца, але добра ўсведамляў, што гэты прыезд прынясе шкоду дачцэ. I потым, ён нiколi не заводзiў аб гэтым гаворку, бо ўпотай ганарыўся тым, што яго дачка такая настойлiвая ў дасягненнi сваёй мэты. Iзабэла заўсёды была незадаволеная, калi Марыя-Луiза паведамляла, што не можа прыехаць дадому. Аднак яе ажно распiрала ад гордасцi, калi яна атрымлiвала лiсты, у якiх дачка распiсвала ёй сваю будучыню. I яшчэ, мяркуючы па падарунках, якiя Марыя-Луiза пасылала малодшай сястры ўжо год, яна пачала добра зарабляць.
Як толькi жонка замаўчала i ўтаропiла ў Кантэна вочы, ён вырашыў, што трэба нешта сказаць у адказ. Пасля невялiчкай паўзы Кантэн паабяцаў жонцы, што напiша лiст гаспадарам дачкi, хоць ён добра ўсведамляў, што гэта прапанова толькi больш раззлуе Iзабэлу. I сапраўды, у адказ тая суха рассмяялася i завялася зноў:
- Вар'ят! Ён напiша! Цяпер самая пара! I што ты напiшаш iм? Пра тое, што ты вычытаў у кнiжках, якiя табе дае другi разумнiк? Ты раскажаш iм пра свае прынцыпы? Пра сваю фiласофiю? Пра людскую роўнасць? Ты напiшаш iм, што ты селянiн. Чалавек, якi нiкога не абхiтрыў i нiчога нi ў кога не ўкраў. А яны атрымаюць твой лiст, калi дачка ўжо будзе ў Парыжы, i адкажуць табе, што яна застанецца там на некалькi месяцаў альбо гадоў...
Яе голас пачынаў дрыжаць. Iзабэлу душыў смех, якi рабiўся ўсё больш металiчным i напятым. Кантэну непрыемна было чуць яго. Ён i рад быў бы адказаць, але не знаходзiў слоў. Жонка на хвiлiну замаўчала, мабыць, стамiлася. Яе рукi дрыжалi, падбародак скрывiўся, падцягваючы нiжнюю губу. Яна цяпер не крычала, а гаварыла нейкiм прыдушаным голасам:
