
Кантэн не ведаў, што ёй адказаць. Яму здалося, што яго сэрца забiлася ў iнакшым рытме, а ў грудзях так сцiснула, што стала цяжка дыхаць. А жонка не адводзiла позiрку. Яе вочы настойлiва гаварылi, што ён павiнен ехаць, бо толькi ён адзiн можа яшчэ нешта зрабiць. Кантэну карцела вызвалiцца ад гэтага позiрку. Зрабiўшы вялiкае намаганне, ён адвярнуўся, але тут яго позiрк сустрэўся з позiркам Дэнiзы, якая стаяла побач з яселькамi i таксама глядзела на бацьку пасвятлелым паглядам.
Кантэн апусцiў галаву i некалькi хвiлiн нерухома стаяў. Па праўдзе кажучы, ён ужо не супрацiўляўся. Сваё рашэнне ён ужо прыняў, але цяпер яму патрэбен быў час, каб прымусiць сваё цела. Не паварочваючы галавы, ён урэшце накiраваўся ў свой пакой. Кантэн дайшоў да дзвярэй, калi ззаду пачулася:
- Крыху пачакай, я падрыхтую, у што табе апрануцца. А то ты зараз перавернеш у шафе ўсё дагары нагамi. Дый паесцi трэба перад дарогай... Дэнiза, не стой як слуп! Сагрэй вады на лапшу. Ёсць жа i суп, пастаў яго на плiту!..
У жонкi зноў з'явiлiся яе ранейшы голас, яе былы напор, гэтыя вострыя ноткi, якiя рэзалi вуха, i Кантэн адчуў, што яна зноў пачынае жыць.
У спальнi яна расчынiла насцеж абедзве створкi шафы i напалову схавалася ў ёй. Праз хвiлiну Iзабэла выняла адтуль чыстую кашулю i шкарпэткi, потым паклала ўздоўж ложка чорны гарнiтур, якi муж апранаў толькi на пахаваннi, i нарэшце зняла з вешалкi футравае палiто, якое Кантэн атрымаў ад бацькi i апранаў, можа, разы тры цi чатыры.
- Калi табе спатрэбiцца яшчэ нешта, я буду на кухнi, - прагаварыла жонка i выйшла.
Нейкi момант Кантэн глядзеў на вопратку, якая ляжала на чырвонай пярыне, пасля пачаў апранацца. Рухi яго былi вялыя, быццам ён вельмi стамiўся. Кантэн доўга мучыўся з гальштукам, якi нiяк не падлазiў пад цэлулойдавы каўнер кашулi. Тонкая халодная тканiна чаплялася за яго шурпатыя пальцы. Здавалася, што гэта вопратка была пашыта не на яго.
Iзабэла пакiнула дзверы прачыненымi, i Кантэн чуў, як яна завiхалася ля сваёй кухоннай батарэi. Ён чуў таксама, як яна напаўголаса сварылася з Дэнiзай, а потым пачуў, як з шоргатам разгарнулi i згарнулi нейкую паперу.
