
Калi ён увайшоў у кухню, было ўжо амаль 11 гадзiн. Стол быў накрыты, Кантэна чакаў налiты суп.
Дэнiза агледзела бацьку з ног да галавы, i на яе твары ўзнiкла шырокая ўсмешка.
Iзабэла не ўсмiхалася, але на яе зацятым твары было вiдаць нешта падобнае на радасць.
6
За сталом елi моўчкi, кожны ўторкнуўшы нос у сваю талерку. Часам Iзабэла падганяла дачку, якая ела вельмi марудна. Гэта таксама было неад'емнай часткай сняданку, як i тое, што грукацеў посуд i мяўкала котка, калi пачыналi рэзаць мяса.
Часткай сняданку было i доўгае маўчанне, якое нiкому не перашкаджала. Толькi сёння Iзабэла забылася пра малую i займалася адным мужам.
Кантэн еў з неахвотай. Кавалак не лез у горла, адчуваўся цяжар у страўнiку. А тут яшчэ Iзабэла завiхалася побач, прымушала яго есцi, паўтарала яму адрас гаспадароў Марыi-Луiзы, а таксама адрас той кватэры, дзе яна жыла. Усё гэта было запiсана ў яго невялiчкай запiсной кнiжцы з рэкламай альзаскай солi на вокладцы, аднак жонка сказала, што ён можа яе згубiць. Iзабэла старалася прадбачыць усё, i калi Кантэн заўважыў, што ён выпраўляецца не ў кругасветнае падарожжа, а толькi за сотню кiламетраў адсюль, яна сказала, што гэта для яго амаль тое самае. Яна не пераставала даваць яму парады:
- Будзь уважлiвы, ты ж не прывык да горада. А потым, не пары гарачкi з гаспадарамi. Стрымлiвай сябе. Калi ўжо спатрэбiцца, у крайнiм выпадку, скажы iм, што я захварэла i вельмi хачу ўбачыць дачку... Калi ж ёй заўтра трэба на работу, то не вяртайся сёння вечарам. Пачакай Марыю-Луiзу. Прыязджайце разам. Ты можаш пераначаваць на яе кватэры. Яна казала, што ў яе пакоi ёсць канапа. I не турбуйся за скацiну: мы з малой справiмся. А калi б ты быў хворы, усё прыйшлося б рабiць без цябе. Памятаеш, калi ты звалiўся з воза i зламаў нагу, работа ж цябе не чакала...
