- Трымай, - працягнула яго Кантэну. - Лепш, каб яна сама прыехала... Але вазьмi на ўсякi выпадак... Хто ведае...

Кантэн зразумеў, што размова iдзе пра падарунак Марыi-Луiзе. Ён сам не ведаў, што там было, у гэтым рудым пакунку, толькi сцiснуў яго пад пахаю. У правай руцэ ён усё яшчэ трымаў сваю шапку. Цяклi хвiлiны. Iзабэла не адрывала ад яго свайго позiрку, i Кантэн адчуваў, што яна даўно так на яго не глядзела. Яна быццам хацела дадаць да ўсяго таго, што ўжо сказала, нешта такое, што немагчыма выказаць адным словам. У той момант, калi яе вочы пачалi напаўняцца слязьмi, яна апусцiла павекi i хуценька прамовiла:

- Табе пара iсцi... З гэткiмi дарогамi дойдзеш не хутка, сам ведаеш.

Потым была яшчэ нейкая паўза, у якую адбылося нешта невыразнае, няўлоўнае, нешта безназоўнае i бязважкае, накшталт ценю празрыстага воблачка, якi нябачна праплывае над далiнаю. I невядома, хто з iх першы нахiлiўся ўперад, бо яны абое ступiлi адно да аднаго i абнялiся. Пасля Кантэн абняў Дэнiзу, але гэта было куды лягчэй. Ён накiраваўся да дзвярэй, а перад самым парогам павярнуўся i хуткiм позiркам акiнуў кухню, яслi, дзвюх жанчын, якiя нерухома стаялi i глядзелi яму ўслед. Яму здавалася, што ён бачыць усё апошнi раз. Каб не мучыць сябе больш, Кантэн пiхнуў дзверы.

Калi ён пераступаў цераз парог, котка праслiзнула памiж яго нагамi i ўскочыла звонку на падаконнiк. Кантэн зрабiў некалькi крокаў, пасля крыкнуў не вельмi ўпэўненым голасам:

- Не студзiце хату! Зачынiце дзверы!

Дзверы грукнулi за яго спiной, i Кантэн крочыў не адварочваючыся, пакуль не выйшаў на дарогу. Потым спынiўся i паглядзеў на свой дом. На запацелым акне цямнелi дзве плямы, праз якiя, быццам праз iлюмiнатары, за iм сачылi два ўсмешлiвыя твары. Котка сядзела цяпер на каменi i, пускаючы маленькiм носам тонкiя струменьчыкi пары, таксама глядзела ўслед гаспадару.



31 из 121