Кантэн памахаў iм рукою i ступiў у глыбокi снег, на якiм ужо амаль знiклi сляды настаўнiка i паштальёна.

Ён доўга крочыў з апушчанай галавою, шукаючы, куды лепш ступiць. Калi ён захацеў яшчэ раз паглядзець на дом, то заўважыў, што вялiкая гурба, якая ляжала на павароце, амаль поўнасцю закрыла яго. Фасаду ўжо не было вiдно, i здавалася, што страха стаяла проста на заснежанай зямлi. Неба навiсала яшчэ больш, чым ранiцай. Шэры дым, якi выпаўзаў з чырвонага комiна, слаўся над вiнаграднымi лозамi, якiя нагадвалi раскiданыя на снезе чорныя вузлаватыя вяроўкi.

Кантэн пакрочыў далем. Часу хапала, але ён iшоў шпарка. Толькi раз прыпынiўся, каб паглядзець на вёску, на яе дрэвы i будынкi, на вулiцы i агароджы, якiя ўтваралi то крывыя цi прамыя лiнii, то няправiльныя вуглы. Тут ён таксама зрабiў нечаканае адкрыццё: сёння ўсё гэта здавалася яму нейкiм своеасаблiвым. Бязмежная белая раўнiна, якая рассцiлалася ля яго ног, набывала нейкi новы сэнс. I ён адправiцца туды, у глыбiню гэтай раўнiны, дзе знаходзiцца горад, якi забруджвае неба ў ясныя днi. Яно бачна нават адсюль. Там знаходзiцца Марыя-Луiза. Там побач з ёй жывуць тысячы мужчын i жанчын, грукацяць аўтамабiлi, не спыняецца дыханне пачварнага горада, якi так палохае Кантэна.

А тут стаiць цiшыня.

Раней яму нiколi не прыходзiлi ў галаву такiя думкi. Звычайна ён не заўважаў гэтай цiшынi, не звяртаў увагi на гэту бясконцасць раўнiны i неба. Калi ён i глядзеў на iх, дык толькi каб вызначыць па напрамку ветру i руху аблокаў, якое заўтра будзе надвор'е. Сягоння надвор'е не займала Кантэна, яго цiкавiла больш гэта цiшыня i неабсяжнасць раўнiны. Ён адчуваў, што ён навечна злiты з гэтай зямлёю. Як селянiн, як працаўнiк, ён з'яўляўся часцiнкай гэтага сусвету. Гэтыя думкi настолькi ўсхвалявалi яго, што ён не мог скрануцца з месца, так i стаяў у снезе, а яго вушы, вочы i лёгкiя пранiзваў вецер.

Кантэну здавалася, што патрэба глядзець i слухаць зрабiлася для яго такой жа неабходнай, як патрэба дыхаць. Яна стала для яго пытаннем жыцця i смерцi.



32 из 121