Кантэн глядзеў на гэты гармiдар i не знаходзiў у iм нiчога агульнага з тым горадам, якi быў у яго думках. У вёсцы так са снегам не абыходзiлiся, хоць бульдозер трапляў да iх не часта. Там умелi прыстасавацца да зiмы.

Свяцiлiся вiтрыны крамаў. Упоперак вулiцы Вiктора Гюго на вышынi другога паверха былi развешаны гiрлянды жоўтых i чырвоных лямпачак. Гэтыя гiрлянды цягнулiся ажно да плошчы Бэлькур, i дзякуючы iм вулiца нагадвала доўгi калiдор святла. Кантэн увайшоў у яго. Як i раней, у яго сэрцы жыла трывога, але цяпер яна была крыху слабейшая. Ад яркага святла i высокiх дамоў у яго закружылася галава, i яму зноў успомнiлася бязмежная белая раўнiна.

Па дарозе ён увесь час думаў пра Марыю-Луiзу. Ён стараўся ўявiць сабе яе пакой, яе работу. Дачка шмат расказвала пра гэта, але цяпер у памяцi старога ўсплывалi толькi дэталi. Яму здавалася, што галоўнае заставалася не расказанае. Пасля апошняга прыезду Марыi-Луiзы ён часта думаў аб ёй, але яму нiколi не прыходзiла ў галаву ўявiць, як жа яна жыве. Ён зразумеў гэта яшчэ ў вагоне, i цяпер яму было сорамна.

Усё лепшае ў Марыi-Луiзе было звязана з яе дзяцiнствам. Кантэн перабiраў у памяцi кожныя Каляды, асаблiва тыя, калi яшчэ былi жывыя яго бацькi. Гэта было ў час гiтлераўскай акупацыi. Тады некалькi апельсiнаў або торбачку цукерак можна было выменяць на масла, яйкi або на гарэлку. Кантэну згадалася вялiзная лялька, якую яго мацi зрабiла з рыззя i саломы, згадаўся дзiцячы сталовы набор, якi вельмi падабаўся Марыi-Луiзе. А потым быў 1947 год. Ёй споўнiлася шэсць гадоў. Яна яшчэ верыла ў Дзеда Мароза, якi прыйшоў у той год крыху раней, чым звычайна, i прынёс у кашы маленькую сястрычку, якая вельмi моцна плакала. Марыя-Луiза радасна смяялася i паўтарала, што Дзед Мароз вымушаны абыходзiць зямлю, пачынаючы з iхняга дому, бо ён жадае хутчэй пазбавiцца ад гэтай румзы, якая можа разбудзiць не толькi дзяцей, але i лялек.



34 из 121