
Каб вызвалiцца ад гэтых думак, стары сканцэнтраваў сваю ўвагу на горадзе, куды ён павiнен быў ехаць. Але ён не мог уявiць сабе вулiц i плошчаў, якiх не бачыў, можа, гадоў дваццаць. Яны даўно выпалi з яго памяцi i не жадалi больш туды вяртацца. Наадварот, насуперак яго волi, перад вачыма ўвесь час узнiкала акно, два твары, прыцiснутыя да запацелага шкла, котка, якая сядзела на двары i глядзела яму ўслед.
У нейкi момант яму нават здалося, што вецер данёс да яго пах дыму i мяшанкi, якую Iзабэла рыхтавала скацiне. Кантэн павёў плячыма i з усмешкаю пакрочыў далей.
ПАД ВЕЦЕР
7
Было чатыры гадзiны дня, калi Кантэн выйшаў з вагона на вакзале дэ Пераш, але з-за пахмурнага надвор'я здавалася, што надыходзiць ноч. Кантэн звярнуў на гэта ўвагу, як толькi выйшаў на перон. Тут ён на хвiлiну спынiўся. Дагэтуль чалавечая плынь некуды цягнула яго, а цяпер ён застаўся адзiн. Кантэн бачыў незнаёмыя твары мiнакоў, якiя крочылi мiма i не звярталi на старога нiякай увагi, чуў грукат i сiгналы аўтамабiляў, якiя праляталi па вулiцы. Гэта быў горад.
Кантэн сцiснуў пад пахай пакунак Марыi-Луiзы i пайшоў.
Снегу ў Лiёне было менш, чым там, адкуль ён прыехаў. Ён быў белы толькi на плошчы перад вакзалам i ў садах, абнесеных рашоткамi. У iншых жа месцах ён быў бруднага, амаль чорнага колеру. Гэта быў ужо не снег, а гразь, i дворнiкi ссоўвалi яго ўздоўж ходнiкаў шырокiмi драўлянымi шуфлямi. Адны зграбалi яго ў кучы побач з каналiзацыйнымi люкамi, другiя крышылi i размывалi яго, палiваючы моцнымi струменямi вады. Гэта нагадвала Кантэну шоргат скрабкоў у канюшнi i гоман ручая на веснавым полi. Дарожныя рабочыя працавалi павольна, часта адпачывалi, i калi пераходзiлi на iншае месца, то цягнулi шуфлi за сабою. Мiнакi, наадварот жа, некуды вельмi спяшалiся i нават штурхалi адзiн аднаго. У некаторых месцах снег забiваў вадасцёк, i тады вада разлiвалася на ўсю шырыню вулiцы, нават падымалася на ходнiкi. Праязджаючы на вялiкай хуткасцi, аўтамабiлi ўздымалi там брудныя пырскi, а мiнакi прыцiскалiся да сцяны. Чулiся ўскрыкi, лаянка, смех.
