
- Заходзьце!
Дзверы павольна расчынiлiся, але не паспеў настаўнiк i кроку ступiць, як Iзабэла прасакатала:
- А цi добра вы ногi выцерлi, га?
Паколькi хлопец вагаўся i нерашуча стаяў на парозе, яна раздражнёна прадоўжыла:
- Ды ўжо ж заходзьце, толькi хутчэй, а то ўсю кухню мне выстудзiце. Хоць мы i не плацiм за дровы, але ж нарыхтоўваць iх нялёгка. Вам, пэўна, невядома, што гэта такое. Вас камуна забяспечвае палiвам, дык вам няма чаго баяцца.
Настаўнiк зайшоў i разгублена спынiўся ля самых дзвярэй. Кантэн пайшоў яму насустрач, каб падаць руку. Дэнiза таксама падышла блiжэй. Настаўнiк усмiхнуўся ёй i спытаўся:
- Ну, як справы, малая?
Дзяўчынка моцна пачырванела, i ўвесь яе твар напружыўся ад намагання адолець хваляванне i знайсцi адказ. Бацька ведаў, што яна вось-вось адкажа, але яе апярэдзiла мацi.
- У Дэнiзы ўсё добра, - адрэзала яна. - У нас тут ва ўсiх справы iдуць добра, нават у скацiны. Толькi скацiна есцi хоча, i ў нас няма часу, каб тачыць лясы. Мы займаемся гаспадаркай, i ў нас не бывае вакацый. Мы толькi чулi пра iх. Пойдзем, Дэнiза! Ды паварочвайся ты!
Не змаўкаючы, Iзабэла падхапiла свае гаршкi, з якiх усё падымалася пара, пiхнула нагой дзверы i апынулася на двары. Дэнiза панесла ўслед кошыкi. Кантэн моўчкi назiраў у акно, як яны iшлi да хлява.
2
Мужчыны доўга стаялi i глядзелi цяпер адзiн аднаму ў вочы. Настаўнiк, якi быў значна вышэйшы за Кантэна, ажно нахiлiўся ўперад, i яго постаць нагадвала пытальнiк: галава павольна гойдалася на тонкай шыi, напаўсагнутыя каленi ледзь трымалi цела. Белыя i занадта тонкiя для мужчыны рукi рабiлi нейкiя няўпэўненыя рухi. Светлыя вочы настаўнiка слязiлiся, i ён, дастаўшы насоўку, нарэшце сказаў:
