Яна паглядзела на Кантэна.

- Ты чуеш цi не? Не жадаю! Як толькi яна прыедзе, я хачу, каб у доме былi адны свае. Выкручвайся як хочаш, але давядзi яму гэта. Чуеш? А калi не захочаш, дык я сама яму растлумачу! Я саромецца не буду!

Кантэн наблiзiўся да акна. Настаўнiк яшчэ не дайшоў да павароту. Ён размашыста крочыў па дарозе, а перад яго тварам плыло невялiчкае воблачка пары, якое ўтваралася ад частага дыхання. За спiною Кантэна зноў чулiся жончыны кпiны:

- Ты можаш глядзець, колькi табе ўлезе, але я не пабаюся сказаць тое, што думаю, нават калi ён будзе тут!

Амаль з бояззю Кантэн вымавiў:

- Ты ж павiнна зразумець...

Ужо каторы раз яна перапынiла яго:

- Зразумець? Гэта ён павiнен быў ужо даўно зразумець, калi ў яго трохi варыць галава! I як такi абмежаваны хлопец змог вывучыцца на настаўнiка?!

Яна схапiла вязаную кофту i пачала хутка надзяваць яе. Рухi Iзабэлы былi нервовыя, цела выгiналася, быццам наэлектрызаванае злосцю.

- Ва ўсякiм разе, - дадала яна, - нiхто не скажа, што я прынаджваю яго.

- Ды ўжо ж, чаго не скажаш, таго не скажаш, - прамармытаў у адказ з горкай усмешкай Кантэн i пакiваў галавою.

Iзабэла, якая ўжо накiроўвалася да дзвярэй, нечакана развярнулася. Гэтай простай фразы было дастаткова, каб яна скiравала ўсю сваю злосць на Кантэна. Яна сказала з прысвiстам:

- Калi б ты з самага пачатку рабiў, як я, мы б ужо даўно пазбавiлiся ад яго!

Настаўнiк ужо заходзiў у двор, i Кантэн хуценька адказаў:

- Вельмi прашу, не крычы пры iм. Я сам скажу яму. Я абяцаю табе, толькi памаўчы.

Увайшла Дэнiза, несучы два вялiзныя кашы. Ад iх цяжару даволi развiтыя грудзi дзяўчынкi ажно распiралi спераду блузку ў сiнiя i белыя клетачкi. Дэнiза паставiла кошыкi на падлогу, ускiнула на галаву вялiкую суконную хустку i прыхапiла яе шпiлькай пад барадою. Цяпер яе твар зрабiўся круглейшым i паўнейшым. Пасвятлелi блакiтныя вочы, якiя неадрыўна сачылi за дзвярмi. Iзабэла збiралася адчынiць iх, як на ганку пачулiся крокi настаўнiка. Хвiлiна маўчання, потым пачулiся чатыры ўдары. Дэнiза ажно падалася галавой i грудзьмi наперад, але так i засталася стаяць на месцы з разяўленым ротам. Iзабэла, сцяўшы ад злосцi вусны, глядзела на мужа, якi павагаўся некалькi хвiлiн, а пасля выгукнуў:



5 из 121