
- Канечне, - згадзiўся настаўнiк, - тут нiчога не зробiш, каб i хацеў, бо гэта ж прырода.
Тут хлопец змоўк. Па нахiле яго галавы Кантэн здагадаўся, што ён разглядваў рудую падпалiну, якую некалi пакiнуў на цыраце прас. Здавалася, у яго вачах Кантэн паспеў прачытаць амаль адчай. Настаўнiк не змог бы растлумачыць, што прывяло яго сюды. Калi Кантэн не дапаможа яму, ён так i пойдзе, як прыйшоў. I зноў будзе бясконцым яго шлях па заваленай сумётамi дарозе. Кантэн звярнуў увагу на настаўнiкавы ногi. Яны былi худыя, з вострымi каленямi. З шырокiх мокрых калашын падымалася пара. На сцiснутых разам каленях не знаходзiлi сабе спакою рукi. То адзiн палец нервова падымаўся ўгору, то другi, то трэцi... Часам падымалася ўся рука, потым зноў бязвольна ападала. Кантэн глыбока ўздыхнуў i спытаўся:
- Вы прыйшлi па кнiжку?
Настаўнiк страпянуўся:
- Гэта... Не зусiм. Я прыйшоў папярэдзiць вас, што на гэтым тыднi бiблiёбус не прыедзе.
- I не дзiва, з гэткiмi дарогамi.
- Справа не толькi ў дарогах. Цяпер жа калядныя вакацыi. Я застаюся тут, а вось многiя з мясцовых чытачоў паедуць.
Настаўнiк памаўчаў хвiлiну, потым зноў заварушыў рукамi i хуценька дадаў:
- Але калi вам няма чаго чытаць, я што-небудзь для вас знайду.
- Дзякуй. Я не прачытаў яшчэ той кнiжкi, якую вы прынеслi мiнулы раз... А потым, ведаеце, калi Марыя-Луiза будзе дома, у мяне тым больш не знойдзецца часу, каб дачытаць. Мы павiнны будзем многа чаго сказаць адно аднаму.
Спачатку Кантэн гаварыў павольна, з цяжкасцю падбiраючы кожнае слова. Паступова хуткасць яго мовы паскорылася. У думках ён не пераставаў сачыць за Iзабэлай. Вiдаць, яна ўжо скончыла даваць свiнням i перайшла да дачкi далей у хлеў, туды, дзе стаялi клеткi з трусамi. Напэўна, яна дагледзела тых, што ў верхнiм радзе. Там сядзiць шэрая труска, якая вельмi позна прывяла малых... Зараз жанчыны вернуцца ў дом са сваiмi пустымi кошыкамi i гаршкамi, таму Кантэн спяшаўся дагаварыць. Але тут настаўнiк сумна i цiха сказаў:
