- Урэшце, калi вам спатрэбiцца кнiга, накажыце. Я нешта вам знайду i прынясу.

Кантэн ведаў, што ён павiнен быў адказаць. Патрэбныя словы, незалежна ад яго волi, былi падрыхтаваныя ў яго свядомасцi яшчэ тады, калi на фоне зацягнутага туманам лесу Мулатаў узнiкла невялiкая чорная кропка.

Яны сустрэлiся позiркамi, i абодва амаль адначасова заўсмiхалiся. Стары сказаў:

- Добра, няхай сабе будзе так. Падбярыце мне што-небудзь, што я не чытаў. Можаце прынесцi паслязаўтра, у другой палове дня.

На настаўнiкавым твары з'явiлася яшчэ большая ўсмешка, але раптам ён нахмурыў лоб, зiрнуў на дзверы, прыслухаўся i цiха вымавiў:

- Здаецца, мадам Кантэн не ў гуморы.

- Нiчога не зробiш. Яе таксама трэба зразумець. Гэта яшчэ дробязi. На мяне яна не так бурчыць, усё жыццё бурчыць... Але я да ўсяго прывык. Гэта стала часцiнай майго iснавання - слухаць яе бурчанне.

Гаварыў гэта Кантэн жартаўлiвым тонам, i настаўнiк, якi ўжо пачаў непакоiцца, заўсмiхаўся зноў. Ён расслабiўся, абапёрся локцямi на стол i стаў глядзець на водблiскi агню ў замёрзлым акне.

Цiшыня ўжо не здавалася такой шчыльнай, як некалькi хвiлiн назад. Побач з агнём не адчувалася, што на дварэ зiма. Кантэну прыемна было сядзець насупраць гэтага рослага i незвычайнага хлопца. Яны не першы раз бавiлi гэтак час, моўчкi паглядаючы адзiн на аднаго. Кожны думаў пра сваё. Час ад часу перакiдвалiся словам. Гэта слова магло азначаць назву кнiгi, гiстарычную альбо сучасную падзею... Пасля пачыналася размова. Кантэну падабалiся гэтыя размовы, як i доўгiя маўчаннi перад iмi. Ён любiў iх неяк своеасаблiва, як, скажам, адначасова любяць цень i сонца. Яму патрэбен быў гэты абмен думкамi, як патрэбная была i гэтая цiшыня, сярод якой ён быў не адзiн. Не ўсё ў ёй было зразумелае, але Кантэн адчуваў, што гэтая цiшыня зблiжае iх. Каб пераканацца, што гэта менавiта так, стары iмкнуўся ўявiць на месцы настаўнiка каго-небудзь iншага з мужчын, але гэта было не тое. Ён не стараўся адгадаць настаўнiкавы думкi. Для яго гэта не мела нiякага сэнсу. Галоўнае, што настаўнiк сядзеў тут, насупраць, што ён быў часцiнай таго моманту жыцця, калi Кантэн адчуваў сябе шчаслiвым, моманту, у якiм кожны з iх займаў сваё месца.



9 из 121