
Няцямным позiркам Рырэта ўтаропiлася на гадзiннiк на скрыжаваннi Манпарнас, стрэлкi паказвалi адзiнаццаць дваццаць. "Не разумею я гэтую Люлю, вось ужо ў каго дзiўны тэмперамент, нiколi не разбярэш, падабаюцца ёй мужчыны цi ёй з iмi брыдка; але ўжо з П'ерам, прынамсi, яна мусiць быць задаволеная, хоць крыху можа забыцца пра таго леташняга свайго тыпчыка - Рабу. Рабы, як я яго называла". Успамiн развесялiў Рырэту, але яна не дазволiла сабе ўсмiхнуцца, заўважыўшы, што худы юнак па-ранейшаму глядзiць на яе, - яна злавiла яго позiрк, калi паварочвала галаву. У Рабу ўвесь твар быў у чорных кропках, i Люлю дзеля забавы выцiскала iх пазногцямi. "Фу, паскудства, аж млосна робiцца, але што зробiш - яна ж нават не ведае, што такое прыгожы мужчына. Ах! Як я люблю зграбненькiх мужчын - гэта ж так сiмпатычна, калi ў мужчын прыгожыя рэчы: кашулi, гэтыя iх чаравiкi, а прыгожыя казытлiвыя гальштучкi!.. Ну, вядома, усё строгае - можа быць, - але ж такое ласкавае, i ва ўсiм адчуваецца сiла, ласкавая сiла: напрыклад, гэты iх пах ангельскага тытуню, змяшаны з адэкалонам; а якая ў iх скура, калi паголяцца, - гэта ўжо... вядома, гэта яшчэ не жаночая, але такая, ну, быццам добра выдубiлi; а iх дужыя рукi - абдымаюць вас, а вы кладзяце iм галаву на грудзi i адчуваеце ласкавы, дужы пах дагледжанага мужчыны, а яны шэпчуць ласкавыя словы; i ўсё такое прыгожае - прыгожыя, строгiя чаравiкi з бычынай скуры, i яны шэпчуць: "Любая мая, мiлая мая, любая", - i адчуваеш, як усё ўсярэдзiне ажно млее", - Рырэта ўспомнiла пра Луi, якi яе кiнуў летась, i ў яе сцiснулася сэрца: "Вось ужо хто любiў толькi сябе, толькi i ўмеў, што манернiчаць: гэтая яго жуковiна з пячаткай, залаты партсiгар, усякiя манii...
