
Якiя ж яны ўсё-такi бываюць часам псяюхi, яшчэ горшыя за жанчын. Не, лепш за ўсё - мужчына гадоў пад сорак, каб за сабой яшчэ даглядаў, валасы з сiвiзной на скронях, зачасаныя назад, гэткi сухi, шырокiя плечы, спартовы выгляд, i галоўнае - каб ведаў жыццё i быў вельмi добры, бо некалi сам папакутаваў. Люлю - гэта ж зусiм дзяўчо, ёй яшчэ пашанцавала, што ў яе такая сяброўка, як я, бо П'еру ўсё гэта пачынае ўжо надакучаць, i некаторыя на маiм месцы даўно б пакарысталiся, а я - наадварот, угаворваю яго ўвесь час пацярпець яшчэ, а калi ён са мной ласкавы трошкi больш, чым трэба, - раблю выгляд, што не заўважаю, пачынаю гаманiць пра Люлю i заўсёды знаходжу слова, каб паказаць яе з выгоднага боку, але ж яна гэтага не заслугоўвае, яна нават не ўсведамляе, як ёй шанцуе, вось пажыла б трошкi адна, як я, калi Луi мяне кiнуў, дык убачыла б, што такое вярнуцца дадому ўвечары, адпрацаваўшы ўвесь дзень, i ўбачыць, што ў пакоi ў цябе пуста, а самой памiраць ад жадання пакласцi хоць каму-небудзь галаву на плячо. Адкуль яшчэ толькi бярэцца смеласць устаць назаўтра, i iсцi зноў на працу, i быць прываблiвай i вясёлай, i ўсiх яшчэ падбадзёрваць - калi самой, здаецца, лепш памерцi, чым жыць так далей".
Гадзiннiк выбiў палову дванаццатай. Рырэта падумала пра шчасце, пра сiнюю птушку, птушку шчасця, непакорную птушку любвi. I раптам схамянулася: "Люлю спазняецца на паўгадзiны - усё як звычайна. Яна нiколi не кiне мужа, у яе на гэта не хопiць сiлы волi. Па сутнасцi, яна застанецца з Анры толькi дзеля рэспектабельнасцi: здраджвае яму, але думае, што калi ўжо ёй кажуць: "Панi", дык гэта не лiчыцца. А што яна пра яго расказвае - яго ж, здаецца, павесiць мала, але паспрабуйце ёй нагадаць, што яна сама яшчэ ўчора казала: яе аж трасе ад гневу. Не, я ўжо зрабiла ўсё, што магла, i сказала ўсё, на што была здольная, - тым горш для яе, пасля няхай наракае сама на сябе".