"Каб ён быў паралiзаваны i заўсёды ляжаў вось так, нерухома, я сама за iм даглядала б, падцiрала б яго, як дзiцё, i часам пераварочвала б на жывот i пляскала па азадку, а калi б да яго прыходзiла мацi, я знаходзiла б якую-небудзь зачэпку i раскрывала б яго - задзiрала б коўдру, каб яна ўбачыла яго зусiм голага. Яна, вiдаць, так бы i села - яна ж не бачыла яго голага гадоў, мусiць, пятнаццаць". Люлю мякка правяла рукою па мужавым сцягне i лёганька ўшчыкнула за пахвiну. Анры буркнуў, але не варухнуўся. "У поўнай бяссiльнасцi". Люлю ўсмiхнулася: слова "бяссiльнасць" яе заўсёды смяшыла. Калi яна яшчэ кахала Анры i ён вось так, паралiзаваны, ляжаў побач, ёй падабалася ўяўляць, быццам яго з усiх бакоў старанна абкруцiлi i ўвязалi нейкiя малюпасенькiя чалавечкi накшталт тых, што яна бачыла на малюнку, калi яшчэ дзяўчынкай чытала гiсторыю пра Гулiвера. Яна часта называла Анры Гулiверам: яму гэта падабалася, бо iмя было ангельскае i надавала Люлю адукаваны выгляд; але ён хацеў, каб яна яшчэ i вымаўляла яго з ангельскiм акцэнтам. "Як ужо яны мне абрыдлi! Калi хацеў сабе мець кагосьцi адукаванага, няхай бы ажанiўся з той Жанаю Бедэр, грудзi ў яе з кулачок, затое яна ведае пяць моваў. Божа, раней, калi мы яшчэ ездзiлi па нядзелях у Со, я так сумавала ў яго крэўных, што хапала першую лепшую кнiгу, якая трапiцца, i заўсёды нехта падыходзiў i глядзеў: што я чытаю? А яго сястрычка пыталася: "Вы разумееце, Люсi?.." Яны лiчаць, што ў мяне не стае выхавання. Вось швейцарцы дык гэтыя, вядома, гэта людзi выхаваныя, бо яго сястра выйшла замуж за швейцарца, i той зрабiў ёй пяцярых дзяцей. Ён iх паважае за адны ўжо iхнiя горы. А я не магу мець дзяцей - такая ў мяне фiзiялогiя, што тут зробiш, але я нiколi не думала, што лiчыцца выхаваным тое, што робiць ён, калi iдзе са мной у горад i ўвесь час толькi i бегае ў прыбiральнi, а я павiнна чакаць i перыцца на вiтрыны - на каго я тады падобная? - а ён выходзiць пасля i, як нейкi стары дзед, згiнаючы ногi, падцягвае штаны".



2 из 37