Люлю выняла палец з прарэшка i крыху паварушыла нагамi, ёй было прыемна адчуваць сваю жвавасць побач з гэтым млявым, знерухомленым целам. Да яе вуха данеслася цiхае булькатанне: "Бурчыць у жываце; як я гэта ненавiджу, нiколi немагчыма зразумець, у каго гэта - у яго цi ў мяне". Яна заплюшчыла вочы: "Нейкая вадкасць пералiваецца ў мяккiх, перакручаных трубках; i так ва ўсiх у Рырэты i ў мяне (не хачу пра гэта думаць, ад гэтага толькi пачынае балець у жываце). Ён кажа, што любiць мяне, але ж ён не любiць маiх вантробаў: каб яму паказалi ў слоiку мой апендыкс, ён бы яго не пазнаў; увесь час мяне цiскае, а каб яму сунулi ў рукi слоiк, ён бы нiчога i не адчуў, i не падумаў бы: "Гэта належыць ёй". А трэба было б, каб чалавека любiлi цалкам - i стрававод, i пячонку, i кiшкi. А можа, iх не любяць, таму што не прызвычаiлiся? Можа, каб iх бачылi ўвесь час - як нашыя рукi цi плечы, - дык iх таксама любiлi б? Напэўна, марскiя зоркi любяць адна адну болей, чым мы: яны, калi вылазяць на пляж пагрэцца на сонейку, высоўваюць страўнiк - каб ён трошкi праветрыўся, i ўсе могуць яго пабачыць. Цiкава, а кудой бы мы высоўвалi свой - праз пуп?" Яна заплюшчыла вочы, i перад ёй адразу закруцiлiся сiнiя кругi - як учора, на кiрмашы. "Я страляла ў iх гумовымi стрэламi, i ў iх былi лiтары, якiя запальвалiся, па адной, кожны раз, як пацэлiш, i потым складалася назва горада; але ён так i не даў мне выбiць цалкам "Дыжон" са сваёю манiяй ляпiцца ззаду; Божа, як я ненавiджу, калi да мяне лезуць ззаду; вось бы добра было, каб у мяне ўвогуле не было спiны: я цярпець не магу, калi са мной нешта робяць, а я пры гэтым нiчога не бачу, i галоўнае - немагчыма ўбачыць iх рук, толькi адчуваеш, як яны ходзяць уверх-унiз, i нiколi не здагадаешся, куды яны цэляць; яны на вас зырацца на ўсе вочы, а вы iх нават не бачыце; яму гэта больш за ўсё падабаецца; Анры дык такое ў галаву нiколi не прыйдзе, а гэты толькi i думае, каб прыляпiцца ззаду, хоць ведае, што я памiраю ад сораму, што ў мяне гэты зад ёсць; калi мне сорамна, дык гэта яго яшчэ больш распаляе; не хачу пра яго думаць (ёй раптам зрабiлася страшна), хачу думаць пра Рырэту".



3 из 37