
Яна зайшла тады за плот i, вядома ж, думала, што ён застаўся ў машыне, разглядае карту, i раптам глядзiць: ён па-воўчы падкраўся ззаду i падглядае. Люлю выпадкова трапiла нагой у Анры: "Зараз прачнецца". Але Анры толькi буркнуў: "Уф-ф-ф!" - i не прачнуўся. "Як бы я хацела пазнаёмiцца з нейкiм прыгожым маладым чалавекам, чыстым, як дзяўчына; мы нiколi не дакраналiся б адно да аднаго: гулялi б па беразе каля мора, трымалiся б за рукi, а ўвечары клалiся б у два аднолькавыя ложкi, побач, i ляжалi б, як брат i сястра, i гаманiлi б да самага ранку. Цi лепей нават было б жыць з Рырэтай; жанчыны, калi адны, - гэта ж так цудоўна; у яе такiя таўсмаценькiя, гладзенькiя плечыкi; я, без маны, - сапраўды адчувала сябе няшчаснай, калi яна кахала Фрэснеля, ажно сумна рабiлася, калi думала, што ён яе лашчыць: мякка так, паволi гладзiць яе па плячах i па баках, а яна ўздыхае. А цiкава, якi ў яе твар, калi яна ляжыць уся голая пад мужчынам? I адчувае, як яго рукi гуляюць у яе па целе? Я дык нi за якiя грошы ў свеце да яе не дакранулася б, ды я i не ведала б, што з ёй рабiць, нават каб яна сама захацела, каб сказала мне: "Я хачу, калi ласка", - я не ведала б; затое каб я была невiдзiмка, я хацела б пабачыць, як з ёй займаюцца гэтым, i паглядзець на яе твар (не думаю, каб яна i тады выглядала Мiнервай), а я цiхутка лашчыла б яе рассунутыя каленi, яе ружовенькiя каленкi, i чула б, як яна енчыць". З ссохлага горла ў Люлю вырваўся кароткi смяшок: "Бываюць жа часам такiя думкi". Аднойчы яна прыдумала, што П'ер хацеў згвалцiць Рырэту. "А я быццам яму дапамагала, трымаючы яе за рукi. А ўчора. Як у яе гарэлi шчокi, калi мы сядзелi ў яе на канапе, зусiм побач, яна нават ногi сцiснула, а мы сядзелi i маўчалi; вось мы заўсёды сядзелi б так i маўчалi". Анры захроп, i Люлю свiснула.