
А як ён схапiў мяне тады за плечы i нiбыта са злосцю кажа: "Ты ўтрэскалася ў мяне, ты мяне любiш!" - я аж спалохалася, кажу: "Ага". А ён: "Я хачу зрабiць цябе шчаслiвай, мы будзем ездзiць катацца - на машыне, на параходзе, паедзем у Iталiю, я падару табе ўсё, што захочаш". Кажа, у яго на вiле амаль няма мэблi, дык мы будзем спаць на падлозе - проста, маўляў, будзем класцiся на матрац. I яшчэ хоча, каб я спала ў яго ў абдымках; буду адчуваць, як ён пахне; увогуле, мне падабаюцца яго грудзi - яны такiя шырокiя, загарэлыя, але ж на iх цэлы лес валасоў; як бы мне хацелася, каб у мужчын не было валасоў на целе; у яго яны такiя чорныя, мяккiя - як мох; часам я iх нават люблю палашчыць, але бывае аж млосна робiцца, я ўсё стараюся ад яго адсунуцца, а ён так i лепiць мяне да сябе. Захоча, каб я спала ў яго ў абдымках, i будзе цiскаць мяне сваiмi рукамi, а я буду чуць, як ён пахне; а калi ўжо зусiм зробiцца цёмна, да нас будзе далятаць шолах мора; ён такi, што здольны мяне пабудзiць сярод ночы, калi яму толькi захочацца; я з iм, напэўна, нiколi спакойна не высплюся, хiба што толькi калi ў мяне пачнуцца мае справы - тады ўжо, прынамсi, ён не будзе да мяне лезцi; але, па-мойму, ёсць мужыкi, якiя здольныя на гэта, нават калi жанчыны не схiльныя, i пасля ў iх на жываце застаецца кроў, чужая кроў; напэўна ж, яна i на прасцiнах, i паўсюль - як гэта брыдка; i навошта нам наогул гэтыя целы?"
Люлю расплюшчыла вочы, на фiранках ляжала чырвонае святло, што сачылася з вулiцы, чырвоная пляма адбiвалася ў люстры; Люлю падабаўся гэты чырвоны колер; фатэль, што стаяў насупраць акна, вымалёўваўся на яго фоне вычварным ценем. На падлакотнiку вiселi складзеныя Анры штаны, шлейкi звiсалi ў паветры. "Трэба купiць яму новыя вушкi да шлеек. О! Не хачу, не хачу я ехаць! Будзе там цалаваць мяне цэлымi днямi, i я буду належаць яму - буду яго ўцеха, а ён будзе зырыцца на мяне ўвесь час i думаць: "Вось мая ўцеха, я мацаў яе там i там i магу памацаць яшчэ, калi захочацца..." А тады, у Пор-Руаяль!.." Люлю некалькi разоў дала нагамi па прасцiне: яна ненавiдзела П'ера, калi прыгадвала, што было ў Пор-Руаяль.