Де Мопассан Ги

Вар'ятка (на белорусском языке)

Гi дэ Мапасан

Вар'ятка

Пераклад: Нiна Мацяш

Рабэру дэ Баньеру

- Ведаеце, - сказаў мсье Мацьё д'Андалэн, - гляджу вось на гэтых слонак, i прыгадваецца мне адна страшная гiсторыя часоў вайны.

Вы ведаеце мой маёнтак у прадмесцi Кармэйля. Там я i жыў, калi з'явiлiся прусакi.

Той парою маёй суседкай была адна пакутнiца, аслабелая розумам пад ударамi лёсу. Некалi - было ёй тады ўсяго дваццаць пяць гадоў - яна за адзiн месяц страцiла бацьку, мужа i немаўлятка.

Калi ўжо смерць аднойчы завiтала ў дом, яна амаль заўсёды зноў заглядвае ў яго, быццам адну гэту дарогу i запомнiла.

Бедная маладзiчка, падкошаная горам, злегла i шэсць месяцаў была ў лiхаманцы. Потым бурны крызiс змянiўся глыбокай апатыяй: яна ляжала, як пласт, амаль нiчога не ела, толькi вадзiла вачамi. Кожны раз, калi хворую спрабавалi паставiць на ногi, яна ўзнiмала такi лямант, быццам яе мардавалi. I нябогу пакiнулi ў спакоi, краталi толькi дзеля таго, каб пераадзець яе цi пераслаць пасцель.

Даглядала няшчасную старая служанка, якая час ад часу прымушала яе папiць цi з'есцi кавалачак халоднага мяса. Што тварылася ў гэтай адоленай роспаччу душы? Бог яе ведае: хворая перастала размаўляць. Можа, яна ўспамiнала нябожчыкаў? Цi проста тужыла, не думаючы нi пра што? А можа, падцятая свядомасць яе ўвогуле знежывела, як застаялая вада?

У гэтакiм вось стане, не бачачы людзей i не рухаючыся, яна пражыла пятнаццаць гадоў.

I вось нахапiлася вайна; а на пачатку снежня прусакi занялi Кармэйль.

Я помню ўсё так добра, быццам гэта было лiтаральна ўчора. Стаялi лютыя маразы; я ляжаў у крэсле, абязножаны падаграй, i раптам пачуў цяжкi, размераны тупат. Глянуў у акно: iшлi варожыя салдаты.

Той калоне, здавалася, канца не будзе; прусакi ўсё iшлi ды iшлi, такiя падобныя адзiн да аднаго марыянетачнай скаванасцю рухаў... Потым начальства размеркавала iх па кватэрах. Да мяне пасялiлi ажно семнаццаць чалавек. Да маёй звар'яцелай суседкi - дванаццаць, у тым лiку i маёра, сапраўднага салдафона, чалавека жорсткага i грубага.



1 из 4