
У першыя днi ўсё iшло нармальна. Афiцэру сказалi, што гаспадыня хворая, i гэта яго не трывожыла. Але неўзабаве пастаянная адсутнасць яе пачала раздражняць яго. Ён запытаўся, што ў панi за хвароба; яму адказалi, што яна злегла з вялiкага гора i не ўстае пятнаццаць ужо гадоў. Ён, мусiць, не паверыў i вырашыў, што няшчасная наўмысна, з гордасцi не жадае ўставаць, каб не бачыць прусакоў, не размаўляць i не сутыкацца з iмi.
Маёр запатрабаваў сустрэчы з хворай; яго прывялi да яе ў спальню.
Ён рэзкiм тонам загадаў:
- Прашу фстаць i сысцi фнiс, матам, фсе мус фас пачыць.
Яна паглядзела на яго цьмяным невiдушчым позiркам i прамаўчала.
Ён настойваў:
- Мой не пацерпiць цёрскасць. Калi фы не патнiмайся с пасцель уласнай воля, мой снойце сротак прымусiць фас прагуляцца пес староннiй тапамога.
Яна не зрабiла нiводнага жэста, нават не варухнулася, быццам i не заўважыла яго.
Палiчыўшы гэтае маўчанне за выяву выключнай пагарды, афiцэр раз'юшыўся:
- Калi сафтра фы не пуцеце сысцi фнiс... - дадаў ён i выйшаў.
Назаўтра ранiцаю перапалоханая старая служанка памкнулася адзець вар'ятку, але тая дзiка залямантавала i стала адбiвацца. Афiцэр прыбег наверх. Служанка ўпала перад iм на каленi i загаласiла:
- Яна не даецца! Месье, яна не даецца! Злiтуйцеся над ёю, яна такая няшчасная!
Маёр трохi сумеўся: нягледзячы на ўвесь свой гнеў, ён не рашаўся паклiкаць салдатаў i сiлай выцягнуць гаспадыню з пасцелi. Але раптам ён зарагатаў i аддаў нейкi загад па-нямецку.
Неўзабаве з дома выйшла купка салдатаў, якiя неслi матрац, быццам насiлкi з параненым. На матрацы ляжала маўклiвая вар'ятка, i цяпер абыякавая да ўсяго, раз яе не прымушалi ўставаць. Замыкаў шэсце салдат, якi нёс клунак жаночай вопраткi.
