
Дзяцюк ляжаў на спiне, на iм была куртка з тоўстага сукна, прадзiраўленая i падраная на грудзях; здавалася, што ён спiць, толькi ўсё на iм было ў крывi: рэшткi кашулi, парванай на бiнт, камiзэлька, порткi, твар, рукi. Згусткi крывi чарнелi ў барадзе i валасах.
Старая загаварыла з iм. Пачуўшы голас, сабака сцiх. "Не бойся, я адпомшчу за цябе, мой маленькi, мой хлопчык, маё беднае дзiцятка. Спi, спi, я адпомшчу, чуеш? Твая мацi абяцае табе гэта. А яна заўжды трымае сваё слова, ты ж ведаеш".
Яна павольна схiлiлася над iм i дакранулася сваiмi халоднымi губамi да яго мёртвых вуснаў.
У тую ж хвiлiну Сэмiланта завыла. У яе з горла вырвалася скарга, манатонная, жудасная, пранiзлiвая.
Абедзве яны, жанчына i жывёлiна, заставалiся ў пакоi да ранiцы.
На другi дзень Антуана Саверынi пахавалi, i ў хуткiм часе ў Банiфача забылiся пра яго.
* * *
Ён не меў нi родных, нi стрыечных братоў. Не было нiводнага мужчыны, якi б узяўся помсцiць за яго. Толькi старая мацi думала пра гэта.
З ранiцы да вечара глядзела яна на белую плямку на другiм беразе пралiва. Гэта маленькая сардская вёска Лангасарда, куды ўцякаюць карсiканскiя бандыты, унiкаючы праследавання. Амаль што яны адны i жывуць у гэтай вёсачцы, насупраць родных берагоў, чакаючы хвiлiны вяртання ў родныя лясы. Менавiта туды, старая ведала гэта, уцёк Нiкаля Равалацi.
Зусiм адна сядзела яна цэлымi днямi каля акна, паглядаючы туды, думаючы пра помсту. Як ёй помсцiць адной, хваравекай, стоячы адной нагой у магiле?! Але яна паабяцала, яна паклялася мёртваму. Яна не магла забыцца i не магла чакаць. Што ёй рабiць? Яна не спала начэй, не ведала нi спакою, нi адпачынку, яна думала. Сабака драмаў каля яе ног i часам, узняўшы галаву, выў удалечыню. З таго часу, як гаспадар пакiнуў яе, Сэмiланта часта выла, быццам клiкала яго, быццам няўцешная звярыная душа яе таксама захавала ўспамiны, якiя нiшто не магло сцерцi.
