
I вось неяк уночы, калi Сэмiланта пачала выць, у мацi з'явiлася думка, помслiвая i жорсткая да дзiкасцi. Яна абдумвала яе да ранiцы, а на золку пайшла ў касцёл. Лежачы нiцма на каменнай падлозе, распасцёршыся перад Богам, яна малiлася, просячы памагчы ёй, падтрымаць яе, даць яе беднаму старэчаму целу сiлу адпомсцiць за сына.
Потым яна вярнулася дадому. На надворку стаяла старая бочка, у якую збягала вада з вадасцёку на страсе; яна перакулiла яе, вылiла ваду, прыладзiла на зямлi, падаткнуўшы камянямi i паленцамi, потым пасадзiла Сэмiланту на ланцуг каля гэтае будкi i пайшла ў хату.
Без адпачынку хадзiла яна па пакоi, не адводзячы вачэй ад берага Сардынii. Забойца быў там.
Увесь дзень i ўсю ноч сабака выў. Ранiцай старая прынесла яму вады ў мiсцы, але нiчога болей: нi мешанкi, нi хлеба.
Мiнуў яшчэ дзень. Змогшыся, Сэмiланта спала. Назаўтра вочы ў яе блiшчалi, поўсць ускудлацiлася, яна неўтаймавана нацягвала ланцуг.
Старая зноў нiчога ёй не дала. Шалеючы, жывёлiна хрыпла брахала. Мiнула яшчэ ноч.
На досвiтку цётка Саверынi пайшла да суседа i папрасiла два бярэмкi саломы. Яна напхала ёю старыя лахманы, што некалi насiў яе муж, так, каб яны нагадвалi чалавека. Пасля са старое бялiзны зрабiла яму галаву.
Сабака здзiўлена глядзеў на гэтага саламянага чалавека i маўчаў, хоць голад тачыў яго.
Тады старая пайшла да кiлбаснiка i купiла доўгi кавал чорнае крывянкi. Вярнуўшыся, яна запалiла агонь на надворку блiзка будкi i пачала пячы кiлбасу.
Сэмiланта шалела, падскоквала, хрыпела, не адводзiла вачэй ад печыва, пах якога пранiкаў ёй у нутро.
Пасля мацi зрабiла з гэтага пахучага кавалка нашыйнiк пудзiлу. Яна старанна абкручвала яго вакол шыi, нiбы хацела ўвапхнуць яго ўсярэдзiну. Скончыўшы, яна спусцiла сабаку.
Дзiвосным скачком жывёлiна рванулася да шыi пудзiла i, паклаўшы лапы яму на плечы, пачала рваць горла. Яна адвалiлася з кавалкам здабычы ў пашчы, пасля скочыла зноў, учапiлася iкламi ў вяроўкi, вырвала яшчэ кавалак, адскочыла i зноў кiнулася, раз'юшаная. Сваiмi вялiзнымi зубамi яна разарвала твар, пусцiла лахманамi шыю.
