Падуа нарэшце адправiў сваiх сялян i спытаўся:

- Як вы маецеся?

- Нiчога, як бачыце. А вы?

- Няблага, дзякую. Добра, што вы вырашылi да нас завiтаць.

- О, я ўжо даўно пра гэта марыў, але ж вы ведаеце, што ў войску не надта маеш свабоду.

- О, вядома, вядома, але ўсё адно вельмi добра.

- А ў Жазэфiны ўсё ў парадку?

- О, дзякую, у парадку, хутка вы яе ўбачыце.

- А дзе ж яна?

- Яна пайшла праведаць некаторых знаёмых. Тут у нас шмат знаёмых, i ўвогуле гэта вельмi прыстойны горад.

- Не сумняваюся.

Тым часам расчынiлiся дзверы i з'явiлася панi Падуа. Яна не спяшаючыся падышла да брата, падставiла яму шчаку i спыталася:

- Ты доўга тут чакаў?

- Не, недзе з паўгадзiны.

- А... а я думала, што цягнiк спознiцца. Хадзем у салон.

Яны прайшлi ў суседнi пакой, пакiнуўшы Падуа сам-насам з яго лiчбамi i падаткоўцамi.

Як толькi яны засталiся адны, панi Падуа сказала брату:

- Я тут шмат рознага чула пра цябе.

- I што ж ты, цiкава, чула?

- Кажуць, што ты распусцiўся, п'еш, улазiш у даўгi.

Ён састроiў здзiўленую мiну:

- Я? Нiколi ў жыццi!

- Ну, не кажы, я ўсё роўна ведаю.

Ён яшчэ спрабаваў абараняцца, але яна заткнула яму рот такой суровай праборкай, што ён змоўк. Тады яна сказала:

- Мы вячэраем а шостай, i да гэтага часу ты вольны. Я не магу пабыць з табой, бо маю шмат працы.

Застаўшыся адзiн, ён яшчэ вагаўся, не ведаючы, што выбраць - цi паспаць, цi пайсцi прагуляцца. Ён паглядзеў на дзверы ў спальню, пасля на дзверы, што вялi на двор, i выбраў двор.



2 из 6