
Ён выйшаў i пачаў бадзяцца з шабляй на баку па сумным брэтонскiм мястэчку, такiм сонным, такiм цiхiм, такiм мёртвым на беразе затокi, што завецца Марб'ян. Ён пазiраў на шэрыя дамы, на рэдкiх прахожых, на пустыя вiтрыны i казаў цiха сам сабе: "Не надта вясёлая мясцiна. Чорт мяне сюды прынёс!"
Ён дайшоў да змрочнага порта, вярнуўся назад бязлюдным i пустым бульварам i калi ўвайшоў у дом, не было яшчэ пятае гадзiны. Ён кiнуўся ў ложак, каб паваляцца да вячэры.
Яго пабудзiла пакаёўка. Яна пагрукала ў дзверы i сказала:
- Вячэра пададзена, пане...
Ён спусцiўся ў салон.
У сырым пакоi, шпалеры ў якiм паадклейвалiся ўнiзе каля падлогi, на круглым стале без абруса стаяла мiса i тры талеркi.
Панi i пан Падуа ўвайшлi разам з Варажу.
Усе селi, муж i жонка перажагналi свае чэравы, i Падуа налiў усiм тлустай полiўкi.
Пасля полiўкi падалi ялавiчыну, такую тлустую, такую развараную, што яна распаўзалася. Сяржант жаваў яе павольна, стомлена, з агiдай i злосцю.
Панi Падуа спыталася ў мужа:
- Ты пойдзеш сёння да пана Першага прэзiдэнта?
- Пайду, дарагая.
- Не баўся доўга. Ты так кожны раз стамляешся, калi да некага iдзеш. Ты з тваiм благiм здароўем не створаны для свецкага жыцця.
I яна пачала гаварыць пра местачковае таварыства, пра цудоўнае таварыства, у якiм з павагай прымалi пана i панi Падуа дзеля iх рэлiгiйных пачуццяў.
Пасля прынеслi яблычнае пюрэ i кiлбасы, каб ушанаваць госця.
Потым быў сыр. На iм усё скончылася. Кавы не было.
Калi Варажу зразумеў, што будзе вымушаны гэты вечар заставацца з сястрою, выслухоўваць яе папрокi i вымовы, не маючы нават магчымасцi прапусцiць чарачку, ён адчуў, што не вытрымае гэткае пакуты, i заявiў, што яму трэба зайсцi ў жандармерыю, каб уладзiць нейкiя праблемы са звальненнем.
I як толькi прабiла сем гадзiн, ён уцёк з дому.
Выскачыўшы на вулiцу, ён перш за ўсё абтросся, як сабака, што вылазiць з вады, буркочучы пад нос: "Але ж я i ўлiп, чорт мяне бяры!"
