I Варажу выйшаў, паўтараючы: "Другая вулiца ўлева, першая ўправа, нумар пятнаццаць". Але праз хвiлiну ён падумаў: "Другая ўлева, ну так, але калi я выйшаў з кавярнi, трэба было iсцi налева цi направа? А, халера з iм, там паглядзiм".

Ён пайшоў, павярнуў у другую вулiцу направа, пасля ў першую налева i стаў шукаць нумар пятнаццаць. Дом нумар пятнаццаць з выгляду быў даволi прыстойны, праз зачыненыя аканiцы з вокнаў другога паверха прабiвалася святло. Уваходныя дзверы былi адчыненыя, у калiдоры гарэла лямпа. Сяржант падумаў: "Ну, гэта напэўна тут".

Ён увайшоў, але нiхто не сустракаў, i таму ён пачаў гукаць: "Гэй! Гэй!"

З'явiлася маленькая пакаёўка. Заўважыўшы вайскоўца, яна спынiлася здзiўленая. Ён сказаў ёй:

- Здароў, дзетка. Дамы наверсе?

- Наверсе, пане.

- У салоне?

- У салоне, пане.

- Мне застаецца толькi падняцца?

- Падняцца, пане.

- Дзверы насупраць?

- Насупраць, пане.

Ён падняўся, адчынiў дзверы i ўбачыў у пакоi, ярка асветленым дзвюма лямпамi, люстрай i дзвюма свечкамi ў кандэлябрах, чатырох дам у дэкальтэ, якiя, як здавалася, некага чакалi.

Тры з iх, маладзейшыя, сядзелi з трохi напышлiвым выглядам на накрытых барвовым аксамiтам крэслах, а чацвёртая, якой было гадоў сорак пяць, папраўляла кветкi ў вазе. Яна была вельмi тоўстая, з-пад сукенкi з зялёнага шоўку тырчалi яе вялiзныя рукi i таўшчэзная, абсыпаная пудрай шыя.

Сяржант павiтаўся:

- Дзень добры, панi.

Старэйшая павярнулася, здзiвiлася, але кiўнула:

- Дзень добры.

Ён сеў.

Але ўбачыўшы, што нiхто не спяшаецца яго абслугоўваць, ён падумаў, што ў гэтым доме прымаюць напэўна толькi афiцэраў, i пачаў непакоiцца. Пасля ён сказаў сам сабе: "Ат! Пачакаю, пакуль яшчэ хто-небудзь прыйдзе, тады паглядзiм".

Ён спытаўся:

- Ну, як справы?

Тоўстая дама, напэўна, гаспадыня ў доме, адказала:

- Вельмi добра, дзякую.



5 из 6