I ён пачаў шукаць кавярню, найлепшую кавярню ў мястэчку. Ён знайшоў яе на плошчы, пад двума лiхтарамi. Увайшоўшы, ён убачыў пяць-шэсць чалавек, якiя цiха пiлi i размаўлялi за маленькiмi столiкамi. Два гульцы ў бiльярд хадзiлi вакол стала з зялёным сукном, дзе качалiся i бiлiся адзiн аб адзiн шары.

Чулiся iх галасы: "Васемнаццаць, - дзевятнаццаць. - Не шанцуе. - О, добры ўдар! Выдатна! - Адзiнаццаць. - Трэба было бiць чырвоным. - Дваццаць. -Дванаццаць. А, што? Праўду казаў?"

Варажу папрасiў:

- Паўкубачка кавы i графiн каньяку, найлепшага.

Ён сеў i стаў чакаць.

Варажу прызвычаiўся бавiць вольныя вечары з сябрамi, сярод гоману, у тытунёвым дыме, i таму гэтае зацiшша, гэты спакой злавалi яго. Ён выпiў спачатку каву, пасля графiн каньяку, пасля яшчэ адзiн. I цяпер яму ўжо хацелася смяяцца, крычаць, спяваць, набiць каго-небудзь.

Ён сказаў сабе: "Чорт, быццам бы трохi падняўся настрой. Каб яшчэ дзе добра пагуляць!" I яму адразу ж прыйшла думка пайсцi пазабаўляцца да дзевак.

Ён паклiкаў гарсона:

- Гэй, афiцыянт!

- Слухаю пана.

- Скажыце, афiцыянт, дзе тут можна пазабаўляцца?

Гарсон здзiўлена паглядзеў на Варажу.

- Не ведаю, пане. Тут жа ж i можна!

- Як, тут? Што ж такое па-твойму "пазабаўляцца"?

- Не ведаю, пане, напэўна, выпiць добрага пiва цi добрага вiна.

- Дурань ты, а як жа паненкi?

- Паненкi? А...

- Ага, паненкi. Дзе iх можна тут знайсцi?

- Паненак?

- Ды паненак, паненак!

Гарсон падышоў блiжэй i цiха спытаўся:

- Вы маеце на ўвазе, дзе знаходзiцца завядзенне?

- Ну але, каб ты ляснуўся!

- Пойдзеце проста, пасля павернеце ў другую вулiцу ўлева, а пасля ў першую ўправа. Нумар пятнаццаць.

- Дзякуй, стары. Гэта табе.

- Дзякую пану.



4 из 6