Вернемся, аднак, да продкаў.

Казалi, што былi яны вельмi высокiя, кашчавыя, калматыя, утрапёныя i мужныя. А малодшы брат, на галаву вышэйшы за старэйшага, паводле легенды, якой ён хвалiўся, меў такi моцны голас, што ў лесе трымцеў кожны лiсток, калi ён крычаў.

Вось, мусiць, цiкава было паглядзець, калi абодва волаты ў шпорах, абжаргаўшы коней, ехалi паляваць.

I вось, у зiму 1764 года, затрашчалi сiберныя маразы, i ваўкi залютавалi.

Яны нават нападалi на запозненых сялян, бегалi па вулiцах, вылi ад золку да золку i спусташалi хлявы.

А неўзабаве пайшлi чуткi. Людзi расказвалi пра вялiзнага ваўка светла-шэрай, амаль белай масцi, якi з'еў двое дзяцей, адгрыз руку ў жанчыны, перарэзаў усiх вартавых сабак у наваколлi, без страху пераскокваў цераз платы i гойсаў па дварах. Усе бажылiся, што ад яго дыхання трапяталi агеньчыкi лiхтароў. I жах пасялiўся ў вёсках. Нiхто больш не адважваўся ў прыцемках ступiць за парог сваёй хаты, бо, здавалася, з цемры штомомант мог выслiзнуць грозны цень.

Браты д'Арвiль вырашылi знайсцi i забiць ваўка. Яны склiкалi ўсю мясцовую знаць на вялiкае паляванне.

Ды ўсё было марна. Дарма аб'язджалi яны лясы, прадзiралiся праз зараснiкi - воўк знiк. Часам яны забiвалi шэрага, але не таго. А на другую ноч, быццам з помсты, воўк кiдаўся на падарожнага цi рэзаў карову i заўсёды далёка ад мясцiны, дзе яго шукалi.

Нарэшце, аднае ночы, ён дапаў да замкавага свiнарнiка i зарэзаў двух самых вялiкiх япрукоў.

Абодва браты запалiлiся гневам, палiчылi, што гэтым дзёрзкiм нападам пачвара здзекуецца з iх i кiдае выклiк. Яны ўзялi моцных, звычных да ловаў на буйнога драпежнага звера ганчакоў i, шалеючы ад лютасцi, кiнулiся ў пагоню.



2 из 5