
Ад свiтання да тае пары, калi высокiя дрэвы голым галлём працiнаюць чырвоны сонечны дыск, яны прадзiралiся праз густыя лясы, але нiчога не знайшлi.
Нарэшце, злыя i расчараваныя, яны пусцiлi павады i ехалi па зарослай прасецы, збянтэжаныя ад таго, што воўк здолеў абвесцi вакол пальца такiх спрактыкаваных паляўнiчых, як раптам iх ахапiў несвядомы страх.
Старэйшы брат сказаў:
- Нейкi надта незвычайны звер. Ён думае па-чалавечы.
Малодшы адказаў:
- А можа, варта, каб наш стрыечнiк бiскуп блаславiў кулю альбо якi святар замовiў яе.
Яны змоўклi. Жан зноў пачаў:
- Бач, сонца заходзiць. Зноў сёння ўночы ваўчуга кiнецца на некага.
Ён не дагаварыў, як яго конь стаў дыба, а братаў пачаў неспакойна кiдацца. Перад iмi раскiнуўся голы хмызняк, i менавiта адтуль выйшаў вялiзны звер i пабег да лесу.
Браты радасна зацюгакалi, схiлiлiся над грывамi моцных коней, усiм целам штурхнулi iх уперад, i тыя ад крыку, прымусу, галасу i шпораў пусцiлiся ў такi галоп, што здалося, быццам дужыя верхаўцы нагамi зацiскалi цяжкiх коней i ляцелi ў паветры.
Што было духу iмчалi яны, прадзiралiся праз гушчары, адольвалi яры, падымалiся на ўзгоркi, спускалiся ў лагчыны i штосiлы трубiлi ў рог, гукаючы слуг i сабак.
I раптам у разгар гэтай шалёнай пагонi мой прашчур стукнуўся галавою аб вялiкае рала, якое рассекла яму чэрап. Мёртвы, ён зляцеў на зямлю, а спуджаны конь памчаўся далей i знiк у лясным змроку.
Малодшы д'Арвiль саскочыў з каня, падхапiў брата на рукi i заўважыў, што з раны на галаве цякуць кроў i мазгi.
Ён сеў побач з целам, паклаў сабе на каленi разбiтую, чырвоную ад крывi галаву i моўчкi глядзеў на нерухомы братаў твар. Потым яго ахапiў нечуваны дагэтуль страх, страх перад цемрай, перад самотай у бязлюдным лесе, а таксама страх перад жахлiвым ваўком, якi, помсцячы за сябе, толькi што забiў яго брата.
