Згусцiлiся прыцемкi, ад пранiзлiвага холаду патрэсквалi дрэвы. Франсуа калацiла, ён больш не мог тут нi хвiлiны заставацца, ён устаў i ледзь не самлеў. У лесе было цiха, не чулася нi сабачага брэху, нi спеву рога; нябачны абшар маўчаў, i штосьцi жахлiвае, вусцiшнае вiсела ў змрочнай цiшынi сцюдзёнага вечара.

Ён падхапiў на свае магутныя рукi вялiкае Жанава цела, падняў яго i паклаў на сядло, каб везцi ў замак. Ён няспешна паехаў па лесе, здурнелы ад страшных, пагрозлiвых, неадступных прывiдаў.

I раптам на ахутанай ноччу сцежцы прамiльгнуў чыйсьцi вялiкi цень. Гэта быў звер. Паляўнiчы скалануўся ад жаху, кроплi халоднага поту скацiлiся ў яго па спiне, ён шырока, як апанаваны д'яблам манах, перажагнаўся, напалоханы нечаканым вяртаннем злавеснага прыхадня. Але тут яго позiрк упаў на нерухомае цела, i раптам, перайшоўшы ад страху да шаленства, Франсуа страсянуўся ад неўтаймоўнай лютасцi.

Ён прышпорыў каня i пагнаўся за ваўком.

Ён цкаваў яго ў гушчары, у ярах, у барах i гаях, якiх больш не пазнаваў, бо не зводзiў вачэй са светлага ценю, што ў густой начной цемры бег наперадзе.

Здавалася, яго конь таксама набыў незвычайную моц i запал. З выцягнутай храпай, з нябожчыкам упоперак сядла, ён нёсся наперад i чапляўся бакамi аб дрэвы, бiў нагамi па камянях. Калючкi выдзiралi ў яго шэрсць, храпа натыкалася на тоўстыя ствалы i пакiдала на iх кроў, шпоры выдзiралi шматкi скуры.

I раптам, калi над пагоркамi заззяла поўня, воўк i коннiк выскачылi з лесу i рынулiся ў лагчыну. Дно яе было завалена каменнем, а з бакоў уздымалiся высокiя скалы, выйсця адтуль не было; зацкаваны, воўк азiрнуўся.

Франсуа радасна крыкнуў, а рэха надхапiла i пракацiла па скалах яго зычны крык, ён саскочыў з каня з цесаком у руцэ.

Гатовы змагацца, воўк натапырыўся i выгнуў хiб, вочы ў яго ззялi, як зоркi. Але перад тым як пачаць, дужы паляўнiчы падхапiў брата, пасадзiў яго на валун, абклаў каменнем скрываўленую галаву i закрычаў яму ў самыя вушы, быццам глухому: "Глядзi, Жан, глядзi!"



4 из 5