
Яны закупiлi гарматы i стрэльбы, узброiлi апалчэнне, сфармiравалi роты i батальёны i цэлыя днi праводзiлi вучэннi на пляцы.
Булачнiкi, бакалейшчыкi, мяснiкi, натарыусы, адвакаты, сталяры, кнiгапрадаўцы, нават аптэкары - усе, па чарзе, у вызначаны час праходзiлi страявыя заняткi пад камандай пана Лявiня, былога драгунскага унтэр-афiцэра, а цяпер уласнiка галантарэйнай крамы: ужо ў адстаўцы ён ажанiўся з дачкою пана Равадана-старэйшага i атрымаў у спадчыну яго краму.
Ён набыў званне каменданта крэпасцi i, калi ўся моладзь пайшла ў армiю, стварыў апалчэнне з рэшты гараджан, якое ўзялося ўвiшна рыхтавацца да абароны. Таўстуны хадзiлi па вулiцы не iнакш як трушком, каб растрэсцi сала i збавiцца ад задышкi; нядужыя цягалi ўсялякi цяжар, каб умацавалiся мускулы.
Горад чакаў прусакоў. Але прусакi не паказвалiся. I ўсё-такi яны былi недзе паблiзу: ужо двойчы iх разведчыкi праточвалiся праз лес ажно да сядзiбы Нiкаля Пiшона, празванага Велягурам.
Стары палясоўшчык, жвавы, як лiс, прыбягаў у горад папярэдзiць пра гэта жыхароў. Тыя панаводзiлi гарматы, але вораг не з'яўляўся.
Велягурава леснiчоўка служыла Рэтэлю аванпостам у Авялiнскiм лесе. Двойчы на тыдзень гаспадар хадзiў у горад па харчы i расказваў гараджанам пра тое, што робiцца ў наваколлi.
У той дзень ён выправiўся ў горад, каб паведамiць каменданту, што трэцяга дня гадзiне а другой папаўднi ў яго на момант спыняўся невялiкi атрад нямецкай пяхоты, - прыпынiўся i амаль адразу рушыў далей. Унтэр-афiцэр, што камандаваў немцамi, гаварыў па-французску.
Асцерагаючыся ваўкоў, якiя ўсё болей лютавалi, стары, калi выбiраўся ў дарогу, браў з сабой двух сабак - двух вялiзных вартавых сабак з iльвiнымi пашчамi, i наказваў кабетам старанна замыкацца з надыходам ночы.
Дачка не баялася нiчога на свеце, але старая вечна калацiлася ад страху ды ўсё паўтарала тое самае:
