- Дабром гэта не скончыцца, вось пабачыце, дабром гэта не скончыцца.

У той вечар яна, як нiколi, была апанаваная трывогай.

- Ты не ведаеш, калi вернецца бацька? - спыталася яна.

- Ды напэўна не раней адзiнаццацi. Калi ён вячэрае ў каменданта, дык заўсёды вяртаецца позна.

Дачка акурат прыладавала над агнём саган, каб згатаваць вячэру, але раптам замерла, услухоўваючыся ў невыразныя гукi, якiя даляталi да яе праз комiн.

- Нехта iдзе лесам, - прашаптала яна. - Чалавек сем-восем, не меней.

Мацi напалохалася, спынiла калаўрот i пралепятала:

- О Божухна! I бацькi няма дома!

Не паспела яна дагаварыць, як нехта моцна загрукаў у дзверы.

Жанчыны не адазвалiся.

- Атшынiць! - пачуўся гучны гартанны голас.

Па хвiлiне маўчання той самы голас паўтарыў:

- Атшынiць, алпо мой ламаф цвэры!

Бэрцiна паклала ў кiшэню ў спаднiцу пiстолю, што вiсела на вушаку, падышла да дзвярэй, прыклала да iх вуха i спыталася:

- Хто там?

- Мой ёсць атрат, што быф тут пасафчора, - адказалi знадворку.

- Што вам трэба? - зноў запыталася маладзiца.

- Мой саплукаф ф лес, i мой атрат. Атшынiць, алпо мой ламаф цвэры.

Выбару не было; леснiчыха адкiнула завалу, прачынiла цяжкiя дзверы i ў бялёсым ад снегу прыцемку ўбачыла шасцёх чалавек, шасцёх прускiх салдатаў тых самых, якiя прыходзiлi ўжо да iх. Яна цвёрдым голасам папыталася:

- Што гэта вам тут трэба ў такi час?

Унтэр-афiцэр паўтарыў:

- Мой саплюцiф, сусiм саплюцiф, але мой паснаф том. Мой нiтшога не еф ат ранак, i мой атрат тожа.

- Але сёння мы з маткаю адны ў хаце, - заявiла Бэрцiна.

Салдат, якi на выгляд быў прыстойным чалавекам, адказаў:

- Нiтшога. Мой не сропiць кепска, але фы мус накармiць нас. Мы патай ат голят i стома.

Леснiчыха адступiла ўбок.



3 из 11