
Калi Бэрцiна вярнулася, хiтраватая ўсмешка так i блукала на яе твары. Маладзiца падала немцам збан з пiтвом. Потым i сама разам з мацi стала вячэраць у другiм кутку кухнi.
Салдаты паелi i тут, за сталом, задрамалi - усе шасцёра. Час ад часу чый-небудзь лоб глуха бомкаўся аб стол, i знянацку абуджаны салдат выпростваўся.
- Ды кладзiцеся вы каля агню, хопiць вам там месца ўсiм шасцём. А мы з мамаю пойдзем у мой пакой, - сказала Бэрцiна унтэр-афiцэру.
I жанчыны паднялiся на другi паверх. Было чуваць, як яны замыкалiся на ключ, як хадзiлi па пакоi; потым усё сцiхла.
Прусакi палеглi на падлозе, нагамi да агню, паклаўшы пад галовы паскручваныя шынялi, i неўзабаве ўсе шасцёра захраплi на ўсе лады, - хто пiсклява, хто басавiта, але аднолькава працяжна i страхотлiва.
Яны праспалi даволi доўга, як раптам грымнуў стрэл, такi гулкi, што можна было падумаць, быццам стрэлiлi ў сцяну дома. Салдаты лiхаманкава ўскочылi. I тут зноў бухнула двойчы, потым яшчэ тройчы запар.
Дзверы наверсе расчынiлiся, i на парозе паявiлася са свечкай у руцэ перапалоханая леснiчыха, босая, толькi ў кашулi i ў нiжняй спаднiцы.
- Гэта французы, iх чалавек дзвесце, не меней, - пралепятала яна. - Калi яны знойдуць вас тут, дык спаляць i хату. Хутчэй спускайцеся ў склеп, ды не шумiце! Крый Божа, яны пачуюць вас - тады мы прапалi!
- Топра, топра, - разгублена прашаптаў унтэрафiцэр, - кута мус iсцi?
Маладзiца паспешлiва адчынiла вузкi квадратны люк, i шасцёра салдатаў адзiн за адным таропка сталi спускацца ў склеп па вiнтавой лесвiчцы.
Але як толькi схавалася вастрыё апошняй каскi, Бэрцiна апусцiла цяжкае дубовае века, таўшчэзнае, што сцяна, моцнае, што жалеза, умацаванае на шарнiрах, з турэмным замком, двойчы павярнула ў iм ключ i засмяялася бязгучным, пераможным смехам; яе апанавала вар'яцкае жаданне пайсцi ў скокi над галовамi сваiх вязняў.
