
Прусакi стоена сядзелi, замкнёныя ў гэтай скрынi, у гэтай моцнай каменнай скрынi, куды паветра сачылася толькi праз закратаваную прадуху.
Бэрцiна ўмiг распалiла агонь, падвесiла над iм саган i зноў узялася гатаваць суп.
- Натомiцца бацька сёння ўночы, - прамармытала яна.
Пасля яна ўселася i стала чакаць. Толькi гулкi маятнiк насценнага гадзiннiка парушаў цiшыню сваiм раўнамерным "цiк-так".
Час ад часу маладзiца нецярплiва паглядвала на гадзiннiк, i ў гэтым позiрку можна было вычытаць: "Ох, як марудна цягнецца час".
Неўзабаве ёй падалося, што пад нагамi ў яе шэпчуцца. Цiхая, цьмяная гаворка далятала да яе з мураванага сутарэння. Прусакi пачалi здагадвацца, што жанчына абхiтрыла iх, i праз нейкi момант унтэр-афiцэр падняўся па лесвiчцы i загрукаў кулаком у века.
- Атшынiць! - зноў загарланiў ён.
Бэрцiна ўстала, падышла да люка i, перакрыўляючы немца, папыталася:
- Што фам трэпа?
- Атшынiць!
- Мой не атшыняф.
Афiцэр разлютаваўся.
- Атшынiць, алпо мой ламаф цвэры!
Яна зарагатала:
- Ламай-ламай, галубок, ламай!
Ён пачаў дубасiць руляю стрэльбы ў дубовае века, узятае на замок у яго над галавою. Але гэткае века вытрымала б i ўдары тарана.
Леснiчыха пачула, што унтэр-афiцэр спусцiўся назад. Потым усе салдаты па чарзе падымалiся па лесвiчцы, выпрабоўвалi сваю сiлу i вывяралi моц замка. Але пераканаўшыся, што iх намаганнi марныя, яны зноў зграмадзiлiся ў склепе i сталi раiцца.
Маладзiца трохi паслухала iх, потым выйшла з кухнi, адамкнулася i стала ўслухоўвацца ў начную цемру.
Да яе данеслася далёкае гаўканне. Яна свiснула па-паляўнiчаму, i амаль у той самы момант два вялiзныя сабакi выскачылi з цеменi i радасна кiнулiся да яе. Яна моцна ўхапiла iх за аброжкi, каб яны не ўцяклi. Пасля штосiлы крыкнула:
